Гарадзенскі спартыўны ўік-энд: у барацьбе за медалі і Кубкі

|

Так, у фінале мужчынскага чэмпіянату краіны па валейболе, дзе за медалі змагаліся чатыры наймацнейшыя каманды краіны, гарадзенскі “Камунальнік” прапусціў наперад сталічны “Будаўнік” і салігорскі “Шахцёр”.

 

Гарадзенцы маглі б заваяваць і срэбраныя медалі, калі б не нечаканая параза з лікам 0-3 ад найслабейшай па выніках фінальнага турніра каманды – барысаўскага БАТЭ-БДУ.

 

У іншых сваіх паядынках “Камунальнік” выйграў у “Шахцёра” (3-1) і “Будаўніка” (3-2). Па выніках турніра гарадзенцы набралі аднолькавую з салігорцамі колькасць ачкоў, але па дадатковых паказчыках “Шахцёр” заняў месца вышэй.

 

Яшчэ адна каманда з Гарадзеншчыны – абухаўскі “Легіён”, заняла ў сёлетнім чэмпіянаце 7-е месца. Што да жаночага “Нёмана”, які летась сенсацыйна перамог у чэмпіянаце краіны, то сёлета ён фінішаваў толькі 5-м.

 

Гандбольная “Гараднічанка” мела шанс падсаладзіць няўдалы сезон перамогай у Кубку краіны, але саступіла 27 красавіка ў фінале сталічнаму БНТУ-БелАЗ 19-25. Цяпер дзяўчаты Сяргея Камбура могуць прэтэндаваць толькі на бронзавыя медалі чэмпіянату краіны. Гэта будзе найгоршы за апошнія гады выніка каманды ў чэмпіянаце.

 

Таксама толькі на трэцім радку будзе сёлета баскетбольная “Алімпія” (чэмпіёнка Беларусі мінулага года). У сваім другім матчы за 3-е месца гарадзенкі 27 красавіка зноў упэўнена перамоглі гомельскі “Сож” (89-52) і цяпер ім застаецца толькі раз выйграць у гасцёх.

 

Затое ў фінале згуляе мужчынскі баскетбольны “Гродна-93”. У паўфінальнай серыі да трох перамог гарадзенцы тройчы перамаглі гомельскі “Сож”.

 

Цяпер у фінале іх чакае няроўны бой са сталічным клубам “Цмокі-Мінск”. Самым верагодным зыходам фінальнай серыі будзе “срэбра” гарадзенскай каманды.

 

На здымку: як і ў мінулым годзе, сёлета ў фінале баскетбольнага чэмпіянату краіны “Гродна-93” чакае выпрабаванне зорнымі мінскімі “Цмокамі”