Лідчанін навучыў камп’ютар чытаць i размаўляць па-беларуску
Юрась Гецэвіч – 30-гадовы навуковец родам з Лідскага раёна – ужо сем год працуе ў сферы сінтэзу маўлення і камп’ютарнай лінгвістыкі. Зараз ён загадчык лабараторыі распазнавання сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук. Разам з камандай Юрась вучыць камп’ютар распазнаваць і агучваць беларускія тэксты.
Ці складана было навучыць камп’ютар размаўляць па-беларуску?
– Наша лабараторыя адна з першых на Беларусі распрацавала агульныя прынцыпы і прататыпы сінтэзатараў маўлення, якія падышлі да розных славянскіх моў: беларускай, рускай, украінскай, чэшскай. Працэс сінтэзу маўлення даволі складаны і ў той жа час вельмі захапляючы, працуе над ім вялікая каманда “фізікаў і лірыкаў”: лінгвісты, філолагі, стылісты, праграмісты. Што тычыцца беларускай мовы – машына павінна не толькі дакладна прачытаць тэкст, але і ўлічыць асаблівасці вымаўлення слоў, інтанацыйнага афармлення, націскі, асімілятыўнае змякчэнне і г.д.
Гэта справа апошніх гадоў?
– Не, лабараторыя існуе больш за сорак год. Калі яшчэ мяне не было на свеце і камп’ютарныя тэхналогіі толькі пачалі развівацца ў нашай краіне, лабараторыя пад кіраўніцтвам доктара навук Барыса Лабанава пачала займацца тэхналогіямі маўлення: сістэмай распазнавання мовы і сістэмай сінтэзу, пераводам інфармацыі з гукавога выгляду ў тэкст і наадварот.
На каго разлічана ваша праграма? І якое практычнае прымяненне яна знаходзіць?
– Праграма сінтэзу маўлення па электронным тэксце карысная для слабабачачых і сляпых людзей ці тых, хто не можа чытаць, бо, напрыклад, кіруе аўтамабілем. Напрыклад, яна паспяхова выкарыстоўваецца ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку з 2006 года. Можа прымяняцца ў gps-навігатарах, “гаворачых” танометрах, тэрмометрах, вагах і іншых разнастайных электронных прыладах. З яе дапамогай можна чытаць RSS-рассылкі, перакладаць кнігі ў аўдыёфармат, агучваць сайты – усё гэта будзе садзейнічаць развіццю роднай мовы і яе захаванню.
Для вас гэта вельмі важна?
– Так. Бо мова – Божы дар, якім трэба карыстацца, які трэба захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне.
У сям’і Вы таксама размаўляеце па-беларуску?
– Безумоўна! Жонка Святлана – філолаг французскай і англійскай мовы – і сынок Сымон таксама размаўляюць на роднай мове. Я ганаруся тым, што свае першыя словы наш сын сказаў па-беларуску. Калі мова будзе жыць у сям’і, яна будзе жыць і ў народзе.
Летась на выставе “TIBO-2013” сапраўдны ажыятаж выклікалі мабільныя аўтаномныя беларускія робаты, якія размаўлялі на беларускай мове.
– Мы імкнёмся больш дзейсна ўкараняць сістэму маўлення ў робататэхніку. Каб жалязяка была інтэлектуальнай. І зноў жа, каб наша родная мова больш актыўна ўжывалася ў паўсядзённым жыцці, гучала паўсюдна. Таму шукаем зацікаўленых людзей і адкрыты да супрацаўніцтва.
***
Ніжэй даступная інтэрнэт-версія сінтэзатара маўлення па тэксце ад Юрася Гецэвіча. Уводзячы тэкст, пасля націскных галосных пішыце “плюсік”, – каб машына бачыла, дзе трэба рабіць націск. Або глядзіце на сайце corpus.by/tts3/