Абвінавачванне якім заўгодна коштам

|

Следства падазрае вязня ў падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку. Абвінавачванне трапляе пад артыкулы 13 і 559 Крымінальнага кодэксу (падрыхтоўка да спробы тэракту супроць дзяржаўных асоб) і прадугледжвае ад 10 да 25 гадоў пазбаўлення волі, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротнае пакаранне.

31 кастрычніка 2005 году ў цэнтры Гародні, недалёка ад месца пражывання Саўчанкі быў знойдзены гранатамёт і выбуховае прыстасаванне. Пад праверку тады трапілі многія апазіцыянеры вобласці, у тым ліку і Аўтуховіч.

Праваабаронца Алег Воўчак не здзіўлены новаму абвінавачванню супраць ваўкавыскага прадпрымальніка: “Нашы прагнозы, што справа з падпаламі дамоў падаткавага інспектара Мандзіка і міліцыянта Кацубы аказалася толькі прыкрыццём апраўдаліся. Следчым было прасцей затрымаць Аўтуховіча менавіта па гэтым злачынствам, а ўжо потым праводзіць дзеянні аб гранатамёце і тэрарызме, – кажа Воўчак і дадае: – Гэта чарговыя фантазіі праваахоўнікаў. На той момант Мікалай Аўтуховіч ужо два тыдні знаходзіўся за кратамі па сваёй першай крымінальнай справе, і ніяк не мог быць да гэтага датычным. Справа ў тым, што Аўтуховіч тады абвясціў галадоўку са словамі, што ў маёй смерці будзе вінен Уладзімір Саўчанка, які ініцыяваў гэты арышт”.

Паплечнікі вязня рыхтуюць зварот да заходніх краін і Расеі з просьбай аб міжнароднай экспертызе па справе Аўтуховіча.

“Пакідаць так гэта нельга. Новымі абвінавачваннямі ўлады хочуць збіць моцнае інфармацыйнае поле па гэтай справе. Пераканаць еўрапейцаў, што гэта ніякі не палітвязень, а звычайны тэрарыст”, – падсумоўвае Алег Воўчак.

 

Бізнэсовец з Ваўкавыску і актывіст руху “аўганцаў” Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца за кратамі з 8 лютага. З 16 красавіка вязень трымае бестэрміновую галадоўку. Гэткім чынам Аўтуховіч пратэстуе супраць штучнага зацягвання яго справы і патрабуе правядзення следчых дзеянняў паводле прад’яўленых абвінавачванняў альбо неадкладнага вызвалення для сябе і сваіх паплечнікаў.

 

/паводле nn.by, svaboda.org/