“Нёман” – “Шахцёр”: прага рэваншу
Перад сваімі трыбунамі гарадзенцы гарэлі жаданнем узяць рэванш. Пра тое, як гэта атрымалася, чытайце ў рэпартажы нашага карэспандэнта са стадыёна.
18.40. Да пачатку сустрэчы – дваццаць хвілін, а на трыбунах заўзятараў кот наплакаў. Фанатаў з Салігорска ўвогуле пакуль няма. Няшмат пакуль заўзятараў і на фанацкім сектары гарадзенцаў.
“Стадион является зоной отдыха трудящихся и посетели обязаны….” – суровы голас суддзі-інфарматара агучвае доўгі пералік таго, што на стадыёне рабіць нельга.
18.57. Каманды выходзяць на поле пад энергічную музыку. У цэнтры поля хлопчыкі трымаюць вялізны банер з назвай галоўнага спонсара вышэйшай лігі – “Беларусбанка”. Навучыліся крыху ў Гродне ствараць антураж!
У складзе гарадзенцаў няма Івана Дзянісевіча. Капітан па-ранейшаму не ў лепшай форме.
На браме – Суліма. У цэнтры абароны Рахманаў і Рыбак, на флангах Раўнейка і Анюкевіч.
У цэнтры ў “Нёмана” Хачатуран, Весялінаў, Савіцкі і Лягчылін. Наперадзе – Зубовіч і Карлсанс.
2-я хв. А вось і першая атака гарадзенцаў. Савіцкі спрабаваў прабіць “нажніцамі” – выйшла слаба.
“Нёман” спрабуе завалодаць ініцыятывай, але ў гульні пакуль шмат мітусні.
На трубуне з’явіліся нешматлікія фанаты “кратоў”, але іх пакуль не чуваць – гарадзенская трыбуна значна больш шумная.
9-я хв. Небяспечная атака гасцей – гарадзенцы з цяжкасцю, але адбівацца. Суліме першы раз давялося сур’ёзна панервавацца.
10-я хв. Яшчэ адна небяспечная вылазка салігорцаў. І зноў у гульні Суліма. Трыбуны пачынаюць незадаволена гудзець…
12-я хв. Адказ “Нёмана”: Лягчылін б’е здалёк, але вельмі далёка ад брамы.
Салігорцы выглядаюць пакуль камандай больш хуткай і арганізаванай.
15-я хв. Чарговы кутні ля брамы Сулімы… Брамнік адбівае, а магутны ўдар кагосці з салігорцаў блакуюць абаронцы.
Аляксандр Суліма – адзін з герояў матча. Фота з афіцыйнай старонкі клуба ў Фэйсбуку
“Мы разам, мы верым у нашу перамогу!” – скандуюць гарадзенскія фанаты. А “Нёман” тым часам ледзь не прапускае пасля хуткай контратакі гасцей.
Пазіцыйныя атакі ў “Нёмана” зусім не атрымліваюцца. Дарэчы, сёлета гарадзенцы на сваім полі яшчэ не забівалі.
22-я хв. Небяспечны штрафны у “Шацёра”. Магутна, але міма.
Сярэдзіна першага тайма. Савіцкі і Хачатуран замяніліся флангамі, але пакуль без заўважных эфектаў для каманды.
26-я хв. Нарэшце першая сур’ёзная атака гаспадароў. Савіцкі, аднак, б’е заслаба з лініі штрафной, хоць пазіцыя была някепская.
ГООООООООООЛ!!! НАРЭШЦЕ!!!
30-я хв. Пасля прастрэлу Савіцкага забівае Ягор Зубовіч! Нелагічна, але прыемна!
“Верім в команду!” – крычаць салігорскія фанаты. Што ж, іх каманда пакуль гуляе зусім не кепска.
32-я хв. Балановіч выходзіць сам на сам з Сулімай, але наш брамнік пакуль бездакорны! Ну а абаронцам так памыляцца нельга…
Зубовіч прарываўся па фланзе, але так і не змог адпасаваць у штрафную ў барацьбе з двума абаронцамі.
Крыху супакоілася гульня. “Няма на што глядзець” – з сумам уздыхае заўзятар за маёй спіной.
39-я хв. Будзе кутні ля брамы салігорцаў. Трыбуны падбадзёрваюць каманду. І яшчэ кутні, з іншага флангу. Безвынікова.
42-я хв. Штрафны ля брамы гасцей. Зробім гол у распраналку? Не выйшла.
Нарэшце праявіў сябе Гіртс Карлсанс, але ўдар галавой з межаў штрафной атрымаўся нямоцным. А ў наступнай атацы пасля прастрэлу Савіцкага высокаму латышу крыху не хапіла росту:)
Арбітр дадае хвіліну да часу першага тайма.
Ну што, ідзем на перапынак. “Нёман” пакуль выйграе, хоць не выглядае мацнейшым за супернікаў.
Другі тайм. У складзе “Шахцёра” выходзіць лепшы нападнік – Дзмітрый Асіпенка.
Другую палову гарадзенцы пачытаюць больш актыўна. Асабліва – Хачатуран, які яшчэ летась гуляў у Салігорску і перайшоў адтуль у Гродна, пасварыўшыся з кіраўніцтвам “Шахцёра”.
60-я хв. Карлсанс выйшаў сам на сам з брамнікам, але прабіў вышэй брамы. А магло быць 2-0.
І адразу замест латыша на поле выходзіць абаронца Максім Вітус.
61-я хв. Магутны стрэл Лягчыліна толькі крыху размінаецца з брамай гасцей. Прыціснулі крыху гаспадары салігорцаў!
62-я хв. Пасля прастрэлу Зубовіча абаронца гасцей ліхаманкава выбівае мяч на кутні. Другая замена ў “Шахцёра”: замест беларускага перуанца Рыёса на полі Кавалёў.
65-я хв. А салігорцаў ратуе ад другога гола штанга! Біў Павал Рыбак.
Замест Янушкевіча – Васілеўскі. Апошняя замена Сяргея Бароўскага.
Супернебяспечны штрафны ля брамы Сулімы…Пранесла!
20 хвілін да канца сустрэчы.
“Дави кротов, дави кротов” – патрабуюць гарадзенскія фанаты. Паддушваюць, аднак, зараз гаспадароў.
На поле рыхтуецца выйсці Дзмітрый Кавалёнак. Змяняе Зубовіча.
Хачатуран б’е здалёк – проста ў рукі брамніку.
Апошнія 15 хвілін сустрэчы. Напружанне расце. Анюкевіч атрымлівае жоўтую картку.
Гарадзенскія фанаты ўжо скачуць без кашулек.
Чарговыя “нажніцы” Савіцкага. Гэтым разам куды больш небяспечна, але, на жаль, зноў па цэнтры брамы, дзе стаяў брамнік.
“Шахцёр” зусім не хоча губляць ачкі – каманда мае чэмпіёнскія амбіцыі і не хавае гэтага.
77-я хв. Кавалёнак прымушае абаронцу памыліцца – чарговы кутні.
2-0!!! Старанні Кавалёнка не прайшлі марна – гол пасля падачы кутняга на рахунку Аляксея Лягчыліна!!!
Перамога вельмі блізкая!
Салігорцы змагаюцца да канца, бягуць з апошніх сілаў у атаку.
Апошняя замена “Нёмана” – Тарасаўс замест Савіцкага.
Арбітр дадае да часу сустрэчы яшчэ тры дадатковыя хвіліны. І акурат на апошняй з дададзеных хвілін у гарадзенцаў атрымліваецца цудоўная контратака!
90+3 хв. Пас Кавалёнка, гол Лягчыліна! 3-0!!!
“Нёман” атрымлівае другую перамогу ў чэмпіянаце, у Сулімы другі “сухі” матч (без прапушчаных галоў). Ну і маем першыя ў гэтым галы, забітыя на ўласным полі!
Ну і, самае прыемнае, каманда Сяргея Саладоўнікава пасля гэтай перамогі ўзнялася ў першую шасцёрку!
Наступную сустрэчу гарадзенцы згуляюць таксама на сваім стадыёне 11 траўня з “Мінскам”.