Каму свята, а каму – нары. Хваля арыштаў дайшла і да Гродна

Такі вырак сёння агучыла суддзя суда Кастрычніцкага раёна Алена Тоўсцік-Самойла. Хлопцаў вінавацяць у “дробным хуліганстве” (арт. 17.1 АК РБ), а менавіта ў лаянцы матам у публічным месцы, не зважаючы на заўвагі міліцыі.

 

Інцыдэнт адбыўся 25 красавіка каля вул. Парахавая, 14, акурат напярэдадні правядзення Чарнобыльскага Шляху ў Мінску. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі хлопцаў нібыта за распіццё піва ў публічным месцы, але пасля экспертызы, якая не выявіла алкаголю, склалі пратаколы па “дробным хуліганстве”.

 

Выходныя, з 25 па 28 красавіка, Рачкель і Завіноўскі правялі ў ізалятары на вул. Гая, у чаканні суда. Суд адбыўся, але паседжанне перанеслася на 8 траўня, хлопцы апынуліся на свабодзе – ажно да сённяшняга дня.

 

Сведкі з боку міліцыі – Сярэнкін ды Русак – распавялі, што 25 красавіка паступіла ананімнае паведамленне, маўляў, моладзь п’е піва, у сувязі з чым яны і выехалі на месца. Далей пачалася блытаніна. Са словаў першага, пляшкі “Жыгулёўскага” 0,75 мірна стаялі сабе побач, са словаў другога – хлопцы пілі (гэта пры тым, што вынікі экспертызы не выявілі слядоў алкаголю). Рачкель і Завіноўскі сваёй віны не прызналі.


“Які мне сэнс мацюкацца ў двары свайго ж дому, – абурыўся Вячаслаў Завіноўскі, – дзе мяне ўсе ведаюць? Пры гэтым, будучы ў цвярозым стане…”

 

Тым не менш, суддзя прыняла версію міліцыі. Пасля перарыву быў агучаны прысуд: 10 сутак кожнаму. З залу суда хлопцаў зноўку забралі ў ІЧУ на вул. Гая, 4.

align=”middle” alt=”Станіслаў Рачкель, Гродна, Малады Фронт” >

“Я лічу і затрыманне, і прысуд  цалкам палітычна матываванымі, – мяркуе бацька аднаго з падсудных Багдан Рачкель (на фота), – мой сын не п’е і не мае праблемаў з алкаголем. Тым больш з паводзінамі.”

 

Нагадаем, што ў Беларусі, галоўным чынам у Мінску, цягам апошняга часу быў затрыманы шэраг грамадскіх актывітсаў (прадстаўнікі Маладога Фронту, фанатскіх клубаў, інш.), у сувязі з правядзеннем Чэмпіяната свету па хакеі ў сталіцы. Што ж, каму свята, а каму – нары…