Іван Крэнь: вядомы і невядомы
Заўтра споўніцца дзевяць дзён пасля смерці гарадзенскага гісторыка Івана Крэня. Апошнімі гадамі далі пра сябе ведаць сімптомы некалі перанесенага інсульта: прафесар фактычна страціў сувязь з рэальнасцю, перастаў пазнаваць знаёмых, адмовіла памяць. 4 мая Іван Платонавіч адышоў у лепшы свет.
Іван Крэнь нарадзіўся ў 1936 г. у вёсцы Кузявічы на Баранавіччыне, вучыўся на гістфаку БДУ. Займаўся гісторыяй прафсаюзнай дзейнасці, меў пры гэтым публікацыі і на краязнаўчыя тэмы. У канцы 80-х Крэнь стаў рэктарам універсітэту марксізма-ленінізма Гродзенскага абкама КПБ. З 1990 па 2008 загадчык кафедры гісторыі Беларусі, дэкан факультэта гісторыі і культуры (1995 – 2001).
У пачатку 90-х Іван Платонавіч актыўна шукаў сваё месца ў палітычным жыцці. Ангажаваўся ў дзейнасць “Партыі Народнай Згоды”, а таксама ўдзельнічаў у зборы подпісаў за апальнага пазней Генадзя Карпенку, які збіраўся ісці на прэзідэнцкія выбары ў 1994-м. Студэнтам апошніх год Іван Платонавіч больш запомніўся як апалагет дзейснай улады, за што нават некалі ставаў героем студэнцкага самвыдату.
Бацька Івана, Платон Крэнь быў, як не дзіўна, нонканфармістам: царскі афіцэр, удзельнік Белага руху, эмігрант, вязень ГУЛАГу і “народны інтэлігент”, згодна азначэнню Васіля Быкава, які пісаў у прадмове да кнігі яго ўспамінаў: “Платон Крэнь, наш грамадзянін, народны інтэлігент і пакутнік, прайшоў усе колы пекла і застаўся Чалавекам”. Вядома, біяграфіяй бацькі Івану Платонавічу неаднойчы дапякалі…
Крэнь сярод супрацоўнікаў гістфаку (сядзіць з медалямі)
У памяці сучаснікаў Іван Платонавіч застанецца хутчэй не як вядомы даследчык, а як настаўнік ды здольны арганізатар на сваёй кафедры. Сярод ягоных вучняў знойдзецца дастаткова вядомых прозвішчаў: Іна Соркіна, Наталля Сліж, Вольга Сабалеўская, Аляксей Загідулін і іншыя
“Вельмі шкада…. Дзякуючы яго падтрымцы я стала навукоўцам і выкладчыкам. Ніколі гэтага не забуду. Шчыра спачуваю родным і блізкім, калегам і сябрам” – напісала ў сваім фэйсбуку Іна Соркіна.
Прыгадваюцца таксама радкі Платона Крэня з вершу “Сыну Ване”, якія той прысвяціў свайму сыну ў далёкім 1953-м:
А после вдруг, совсем хмельной и дымный,
За сердце схватишся дрожащею рукой…
О, будь благославен, пока еще наивный
Любимый мой! Кудрявый мальчик мой!
Светлая памяць!