Арганізатары гарадзенскага слэму: Кожны раз спрабуем уводзіць штосьці новае

Як узнікла ідэя паэтычнага слэму? Ці мае ён нейкую мэту?

 

Ідэя з’явілася раптоўна і без усялякіх перадумоваў, калі ў межах ГА “Цэнтр “Трэці сектар” мы планавалі дзейнасць арганізацыі на наступныя некалькі год. Чаму б у Гродне, багатым на культурныя імпрэзы, не правесці слэм? Балазе паэтаў быццам хапае.

 

Пры падрыхтоўцы арыентаваліся на мінскія слэмы, украінскія. У выніку першы гарадзенскі слэм атрымаўся вельмі файным, мы атрымалі шмат станоўчых водгукаў. Зразумелі, што варта праводзіць слэм больш-менш рэгулярна. 15 мая гэта ўжо будзе трэці гарадзенскі слэм.

 

Калі казаць агулам пра мэты слэму, то для нас важна папулярызаваць такім чынам беларускамоўную паэзію, знаёміць гарадзенцаў з мясцовымі аўтарамі, даваць магчымасць творцу прэзентаваць сябе на публіцы, ну і проста пашыраць гарадзенскую культурную прастору.

 

Ці плануецца штосьці новае ў чарговым слэме?

 

На кожны слэм мы спрабуем уводзіць штосьці новае. Падчас другога мы некалькі змянілі сістэму ацэньвання, запрасілі новых паэтаў. Гэтым разам таксама з’явяцца новыя творцы, трошкі іначай будуць абірацца сябры журы з публікі. А ўвогуле прыходзьце і на ўласныя вочы пабачыце ўсе цікавосткі!

 

Наколькі мне вядома, усе паэты і паэткі, перш чым патрапіць на слэм, праходзяць праз твае рукі. Ёсць нейкія патрабаванні да ўдзелу ў спаборніцтве? Ці можа любы ахвочы да паэзіі чалавек, нават які толькі пачынае пісаць вершы, прыняць удзел?

 

Галоўным патрабаваннем удзелу ў гарадзенскім слэме з’яўляецца беларуская мова. Мы запрашаем паэтаў і паэтак, незалежна ад іх узросту, адоранасці і ступені вядомасці, аднак выступаць яны павінны з вершамі на беларускай мове. У пэўным сэнсе гэта звужае кола ўдзельнікаў. Мы не раз чулі прапанову, каб запрасіць на слэм цікавых рускамоўных паэтаў, і мы атрымлівалі такія заяўкі. Аднак для нас прынцыпова важна прасоўваць беларускамоўную паэзію.

 

Што тычыцца паэтаў-пачаткоўцаў, то тут мы жорсткага адбору не робім. Паэтаў ацэньвае публіка, для якой не вельмі важна, колькі паэт-слэмер напісаў раней вершаў – 20 ці 200. Да таго ж у межах культурнай праграмы фестывалю “Твой стыль” мы ладзім моладзевы слэм, на які запрашаем акурат маладых аўтараў.

 

Як лічыш, вершы на якую тэматыку больш падабаюцца людзям? Чаму яны аддаюць перавагу таму ці іншаму ўдзельніку?

 

Тэма не грае нейкай асаблівай ролі. Можна перамагчы і з інтымнай лірыкай, і з грамадзянскай, і апісваючы прыроду. Больш важна, як паэт прачытае свой верш. За тры хвіліны, адведзеныя слэмеру, публіка не здольная напоўніцу ацаніць глыбокія і трапныя метафары, схаваныя сэнсы. У такіх “вулічных” умовах людзей хутчэй зачэпяць нязвыклыя параўнанні, востры гумар, гульня словамі – гэта калі казаць пра творы. Хаця высокія балы даюць і вельмі лірычным творам без нейкага эпатажу.

 

Таксама вельмі важны артыстызм і тэатральныя здольнасці паэта-выступоўцы. Усё ж слэм не проста чытанне вершаў на памяць, а конкурс мастацтва падаць свой твор, ці нават не твор, а сябе, асобу-творцу. Выйграюць больш разняволеныя і крэатыўныя паэты.

Тут існуе пэўная несправядлівасць слэму як паэтычнага конкурсу: можа перамагчы паэт з некалькімі вершамі, які чытаў твор, куляючыся праз галаву, а сціплы паэт з некалькімі добрымі зборнікамі атрымае найменшую прыхільнасць публікі. Але такія правілы слэму, на якія хтосьці пагаджаецца, хтосьці – не.

 

Ці можа такі від літаратурных сустэч стаць добрай традыцыяй Гродна?

 

Пакуль традыцыя захоўваецца, а далей пабачым. Не толькі ад арганізатараў залежыць будучыня гарадзенскага слэму. Гэта жывая культурная з’ява, і ці будзе яна развівацца, ці будзе заставацца цікавай гледачам і паэтам – пакажа час.

 

Твае пажаданні, чаканні, меркаванні на будучае пра паэтычны слэм і да будучых удзельнікаў?

 

Ад слэму чакаю яркіх выступаў. Будзе цікава паглядзець, як паэты ўдасканальваюцца ў артыстычных выступах. На другім слэме было заўважна, што тыя, хто ўдзельнічаў у першым, падрыхтаваліся да конкурсу лепш. Хоць гарадзенцы сціплыя ў параўнанні з мінскімі паэтамі, а яшчэ ў большай ступені з украінскімі, інтэрактыўныя моманты ўсё ж на другім слэме былі.

 

Цікава, як да паэтычнага конкурсу паставяцца маладыя аўтары. Гэтаксама мне б хацелася, каб выступоўцы трошкі прасцей ставіліся да ўдзелу ў слэме і не вельмі сур’ёзна ўспрымалі ягоныя вынікі, якія цяжка назваць аб’ектыўнымі. Ды і якая аб’ектыўнасць у такой суб’ектыўнай рэчы, як паэзія? Можна атрымліваць задавальненне ад самога працэсу: ёсць момант, калі ўся глядацкая ўвага табе.

 

Гэтаксама мы амбітна мяркуем, што гарадзенскі слэм будзе адкрываць новыя імёны ў гарадзенскай паэзіі. А яшчэ некалі будзе збіраць стадыён – як калісьці паэты гэта ўмелі рабіць.

 

     
  Трэці гарадзенскі паэтычны слэм пройдзе 15 мая ў антыкафэ “Жывы час”. Глядзі анонс тут.