IV Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой стыль” стартаваў!

|

У прывітальным слове на адкрыцці фестывалю сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук адзначыла, што спадзяецца на тое, каб ёй  ніколі не было сорамна за сваіх калег па цэху і дадала: “Няхай вам шчасціць!”

“Фестываль моладзевай журналістыккі праводзіцца ўжо чацвёрты раз. За гэты час многае змянілася. Напрыклад, стала больш удзельнікаў, майстроў, гасцей, майстар-класаў, розных мерапрыемстваў. У першы год было зарэгістравана каля сотні чалавек, а сёння ужо больш за паўтысячы! Такія фестывалі праводзяцца для таго, каб пачынаючыя журналісты маглі празнаёміцца з майстрамі сваёй працы і павучыцца ў іх”, – адзначыў старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік.

Мерапрыемства будзе праходзіць на працягу трох дзён. За гэты час адбудзецца шмат майстар-класаў, некалькі выстаў і канцэртаў, ток-шоу і нават фестывальны аукцыён.

Вікторыя Сідаровіч

 

***

 

Першыя ўдзельнікі прыйшлі на фестываль у пятніцу з самай раніцы. Большасць з іх былі іншагароднымі, многія прыйшлі адразу з цягніка, але, нягледзячы на недасып, усе з задавальненнем знаёміліся адныя з аднымі і абмяркоўвалі наступныя дні. Падцягвалася ў асноўным моладзь, так ці інакш звязаная з журналістыкай. Мы запыталі пра першыя ўражанні ўдзельнікаў Фестывалю.

 

Яна, выпускніца ШМЖ у Барысаве:

 

– Я маладая журналістка, і мне гэта цікава. Звычайна я сама шукаю розныя семінары. Апошні раз была ў Мінску. На Фестывалі планую наведаць семінар Яўгена Валошына, бо Глеба Лабадзенку я чула ўжо тры разы.  Мы ўжо паспелі пагуляць па Гродне, і я б нават хацела жыць у гэтым горадзе! Вельмі спадабалася Каложская царква.


Маргарыта, студэнтка гуманітарна-эканамічнага факультэта, Гомель:

 

– Я прыехала на тры дні, наведаю майстар-клас Глеба Лабадзенкі, Аляксандра Ждановіча. Пішу ў газету ўніверсітэта. Так атрымалася, што лёс занёс у журналістыку.


Мікіта, былы навучэнец БДУ:

 

– Ці займаюся я журналістыкай? Бывае. У асноўным я зараз займаюся палітычнай дзейнасцю, з-за якой мяне і выключылі з універсітэта. Хаджу на дэманстрацыі, махаю бчб-шкай. Езджу на розныя майстар-класы. Не раю паступаць на журналістыку: мы там вучым вельмі агульныя дысцыпліны. Часам здаецца, што за адзін нейкі майстар-клас я атрымліваю больш ведаў, чым за год навучання ва ўніверсітэце.


Настасся, Маладзечна:

 

– Мы тут дзякуючы Фотабатлу. Спадзяемся на першае месца, рыхтуемся да трэцяга. Некаторыя заданні падаліся цяжкімі. Але неяк мы справіліся.


Алена, навучэнка ШМЖ у Гродне:

 

– Для мяне Фестываль – гэта добрая нагода пазнаёміцца з выбітнымі журналістамі. Гэта надае энтузіазму.