Сурнін, Лабадзенка, Тамашэўская, Валошын: майстар-класы першага дня фестывалю “Твой стыль”
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Расійска-украінскі медыяэксперт Дзмітрый Сурнін распавёў маладым журналістам, як за шараговай падзеяй убачыць цікавую гісторыю і напісаць запамінальны артыкул.
Удзельнікі майстар-класа “Дзе схаваныя гісторыі, праз каго іх распавядаць і дзе знайсці героя” даведаліся, як адысці ад шаблоннага апісання таго, што ляжыць на паверхні, і пазбегнуць банальнасці ў падачы матэрыялу.
Дзмітрый скіраваў увагу маладых журналістаў на тое, што за адной і той жа падзеяй можа быць схавана мноства гісторый. Галоўнае – знайсці фокус гісторыі, убачыць, як тая ці іншая падзея ўплывае на людзей, як змяняе ці можа змяніць іх жыццё.
Для стварэння паспяховай гісторыі прынцыпова важнай з’яўляецца наяўнасць героя. Паводле эксперта, “пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы”. Гісторыя, пра якую распавядае журналіст, можа стаць запамінальнай толькі тады, калі ў цэнтры яе стаіць канкрэтны чалавек. “Людзі забываюць словы, імёны, лічбы, але памятаюць эмоцыі, якія перажылі, і ўдзячныя за гэта. Эмоцыі ж можна перажыць толькі ў адным выпадку – калі ёсць чалавек”, – пераконваў Дзмітрый Сурнін, ілюструючы свае словы мноствам прыкладаў з журналісцкай практыкі.
На працягу майстар-класа ўдзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць з вядоўцам варыянты журналісцкіх рашэнняў актуальных для сябе тэмаў.
Сваімі ўражаннямі пасля майстар-класа падзяліліся пачынаючыя журналісты.
Марына Сіманава, журфак БДУ
“Для мяне гэты майстар-клас быў асабліва цікавы, таму што я сама люблю працаваць з інтэрв’ю і лічу, што журналістыка – гэта найперш людзі. Прагучала шмат карыснай інфармацыі пра тое, як раскрыць сітуацыю так, каб прымусіць суперажываць, а таксама пабудзіць чытаць”.
Яна Ляшковіч, сайт generation.by
“Семінар быў для мяне вельмі карысны, бо вядоўца расказаў пра сапраўдныя чалавечыя гісторыі, якіх, на мой погляд, не хапае Беларусі. Былі таксама дадзены карысныя інструменты, якія я буду выкарыстоўваць. Калі даваць адказы на кожнае з пытанняў, што прагучалі на семінары, мне здаецца, будуць атрымлівацца цудоўныя матэрыялы”.
Дар’я Варанцова
“Я эколаг і вырашыла выконваць сваю функцыю эколага праз апісанне ў сродках масавай інфармацыі таго, што я бачу як спецыяліст. У мяне заўсёды было пытанне, чаму людзі чытаюць артыкул на важную тэму, але яна іх не кранае. Дзякуючы майстар-класу я зразумела, што матэрыялам часта не хапае эмоцый. Ніхто не бачыць праблему без “жывога” чалавека. Я спадзяюся выкарыстаць атрыманую інфармацыю для таго, каб пісаць на экалагічныя тэмы жыва і цікава”.
Вікторыя Воўкава
***
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Журналіст-фрылансер Глеб Лабадзенка падчас свайго майстар-класу расказаў пра рэпартаж – “рэдкі жанр беларускай журналістыкі”.
– Ён рэдкі таму, – тлумачыць Глеб, – што шмат журналістаў блытаюць рэпартаж і справаздачу: быў на мерапрыемстве і пералічыў выступоўцаў – так нельга. Гэта не рэпартаж! Трэба ўлічваць эфект прысутнасці, перадаваць жывы, рухомы малюнак.
– Але чаму вы акцэнтуеце менавіта гэты жанр? – гучыць пытанне з залу.
– Бо усе астатнія жанры наогул ў нейкай ступені ўключаюць у сябе рысы, адценні рэпартажу. Без яго цяжка перадаць дзеянне, рух, траекторыю, – адзначыў эксперт.
Па словах Глеба Лабадзенкі, падзеі, якія адбываюцца на гарадзенскім фестывалі – гэта унікальная з’ява. “Гарадзенская школа маладых журналістаў дае пачатак астатнім школам, якія зараз дзейнічаюць у іншых гарадах. Гародня – заканадаўца моды у маладой журналістыцы”, – падкрэсліў журналіст.
На працягу усяго майстар-класа нельга было уявіць больш упэўненага у сваіх словах выкладчыка, чым Глеб. Яго міміка, жэсты, словы – усе “крычала” пра перакананасць журналіста. З захапленнем і не пераводзячы дыханне да апошняй хвіліны, удзельнікі мастер-класа стваралі выключны рэпартаж пад кіраўніцтвам эксперта.
“Трэба самому працаваць, ездзіць на курсы, трэнінгы і семінары – усе гэта дасць вялікі плён. Рухацца! Не сядзець на месцы!” – як парада прагучала ўражанне ад фестывалю.
Гарашнякова Юлія
***
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Майстар-клас Вольгі Тамашэўскай меў назву “Журналістыка і эканоміка: як журналіст можа паўплываць на сітуацыю ў эканоміцы”. Як заўважыла сама эксперт, тэма дастаткова спецыфічная. Разам з удзельнікамі майстар-класу Вольга прааналізавала некалькі айчынных прадпрыемстваў, такіх як “Беллакт” ці “Анега”, вылучыла іх плюсы і мінусы, адзначыла асаблівасці.
Па словах эксперта, чым больш адкрыты бізнэс, чым больш яго дзейнасць асвячаецца журналістамі, тым больш адказнасці бізнэсмэны адчуваюць. Некаторыя прадпрыемствы самі ідуць на кантакт, як “Санта-Брэмар”, якое мае ўласную мікралабараторыю, ці “Савушкін прадукт”, які праводзіць Дні адкрытых дзвярэй. Так спажыўцы самі могуць сачыць за якасцю прадукцыі.
Між тым, як заўважыла Вольга, у Беларусі мала добрых спецыялістаў у гэтай сферы. У якасці прыкладаў цікавых матэрыялаў па эканоміцы эксперт назвала TUT.BY, Naviny.by, Еўрарадые.
“Многае залежыць ад рэдакцыйнай палітыкі. На якасныя матэрыялы патрэбен час, кампетэнцыя. Не многія рэдактары гатовы навучаць сваіх журналістаў. А чым больш яны развіваюцца, тым лепшыя матэрыялы пішуць. Ды і аплочвацца арыгінальныя матэрыялы павінны лепш, чым звычайны капірайт”, – адзначыла Вольга.
“Чытач павінен быць падрыхтаваны да такіх тэм. Каб чытаць пра бізнэс, пра гэта павінен пісаць чалавек, які сам у гэтым разбіраецца. Калі цікава асвятляць нейкую тэму, чытачы абавязкова знойдуцца. Можа быць, гэта будзе невялікае кола людзей, якія займаюцца бізнэсам, або тых, каму гэта па нейкай прычыне цікава. Часам прадавец гародніны ці кіроўца таксі, цікавячыся ўласнымі фінансамі, адкрываюць для сябе цэлы пласт інфармацыі, якая становіцца ім зразумелай. Канешне, трэба тлумачыць гэта простымі словамі. А каб тлумачыць простымі словамі, трэба самаму ў гэтым разбірацца. Чым лепш чалавек разбіраецца, тым прасцей ён можа растлумачыць.
На майстар-класе я старалая растлумачваць так, каб зразумеў кожны. Не ведаю, ці ўдалося, думаю, што чалавек, які запісаўся на гэты майстар-клас, быў падрыхтаваны. Было відаць, што некаторыя чыталі нешта па тэме. Я рада, што людзі слухалі, выказвалі зацікаўленасць, самі разважалі. Удзельнікі адгукаліся, ім было што сказаць. Значыць, яны дастаткова дасведчаныя ў гэтым пытанні”.
Удзельнікі майстар-класу падзяліліся ўражаннямі:
Сяргей, навучэнец ШМЖ-17 у Гродне:
“Гэты майстар-клас я выбраў выпадкова. Сапраўды, ён мне вельмі спадабаўся і я атрымаў тое, што хацеў. На самой справе я мала што па гэтай тэме ведаў, таму атрымалася павысіць свой узровень”.
Ганна, настаўніца:
“Мяне наогул цікавіць журналістыка, хоць я ніколі ёй не займалася. А менавіта нешта звязанае з турызмам, эканомікай. Таму было вельмі цікава папрысутнічаць на гэтым майстар-класе, даведацца нешта новае. Я зрабіла шмат нататак, хоць звычайна іх не раблю. У галаве цяпер шмат пытанняў да сусвету. Інфармацыя ішла порцыямі, з гэтага боку я і як настаўніца зрабіла некалькі нататак”.
Алена Кавальчук
***
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі
Што такое журналістскае расследаванне? Якімі прыёмамі неабходна валодаць у гэтым жанры? Як правільна даваць інфармацыю па вострых тэмах? Як забяспечыць бяспеку сабе і сваім інфарматарам? Дзе межы журналісцкай этыкі у расследаванні? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў у сваім майстар-класе “Следчы метад. Цяжкая артылерыя ў журналістыцы” Яўген Валошын.
На майстар-клас прыйшлі ў асноўным дзяўчаты. Усё распачалося з заўвагі Яўгена, што гэта характаразуе сённяшнюю беларускую журналістыку, якая мае выключна жаночае аблічча.
На журналіста “Еўрарадыё” ліліся пытанне за пытаннем ад зацікаўленных слухачоў. Яўген на асабітых прыкладах расказаў і паказаў, як рэалізуецца журналісцкае расследаванне і чым неабходна валодаць ў гэтай нялёгкай працы, як такія матэрыялы ўплываюць на грамадскасць і змяняюць сітуацыю. Выкладчык прадэманстраваў асноўны арсенал, які змяшчаўся ў трох сумках: якасны дыктафон, фотаапарат, ноутбук і іншыя журналісцкія прыналежнасці. Дзяўчаты больш за ўсё ўразіліся ручкай са схаванай камерай і дыктафонам.
Яўген Валошын адказаў на пытанні прэс-групы фестывалю.
Яўгене, раскажыце, з якімі этычнымі праблемамі вы сутыкаліся ў сваёй працы і як іх вырашалі?
Пра апошні мой этычны пракол. Былі беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні і загінуў пагранічнік. Але, як аказалася, не ў межах вучэнняў, а ў дні іх правядзення. Мы хутка знайшлі, што гэта за чалавек, знайшлі сваякоў. Надрукавалі матэрыял пра гібель пагранічніка і размясцілі фотаздымкі. Пазней на мяне выйшлі з прэтэнзіямі сваякі загінуўшага. Яго маці пабачыла фотаздымкі і для яе гэта была яшчэ большая траўма. Мы, зразумела, іх прыбралі, сустрэліся са сваякамі і па-чалавечы прынеслі прабачэнні. Пасля гэтага я зразумеў, што нельга злоўжываць матэрыялам такога роду. Трэба заўсёды ўсё ўзважваць: ці ставіць, ці ўвогуле не ставіць, ці ставіць сціплы, нейтральны фотаздымак. Тут неабходна быць ўважлівым і акуратным.
У мяне не раз бывалі падобныя сітуацыі на этычнай глебе. Вельмі важна: калі ты ўжо памылку дапусціў, прызнаць яе, прынесці прабачэнні, знайці кампраміс і не дапускаць у будучыні такіх памылак. Калі ты здымаеш на схаваную камеру кагосьці, то не маеш права паказваць ягоны твар, трэба пікселізаваць у відэа. А часам – наадварот, неабходна, каб імя і прозвішча чалавека прысутнічалі. Рэальны чалавек павінен быць у матэрыяле. Толькі ў крайняй патрэбе – калі ёсць пагроза для яго – можна змяніць прозвішча альбо яго не падаваць, але ў матэрыяле неабходна адзначыць, што ў рэдакцыі ёсць усе звесткі.
Расследаванні за мяжой і ў Беларусі: у чым асаблівасці і адрозненні?
У развітых дэмакратычных краінах добрых следчых журналістаў дзясяткі. У краінах неразвітых – іх альбо ўвогуле няма, альбо адзінкі.
У Беларусі гэты жанр і метад малады, ён будзе пашырацца, калі будзе развівацца наша журналістыка. У нас ёсць журналісты, якія могуць рабіць добрыя і якасныя расследаванні.
Жанр элітны. Я яго называю “цяжкая артылерыя ў журналістыцы”, які рэальна можа прыносіць змены ў грамадства. І ў мяне некалькі такіх прыкладаў: расследаванні гандлю наркотыкамі, па радыяцыі, карупцыйныя расследаванні. Пасля некаторых матэрыялаў быў вялікі рэзананс, нават мяняліся законы ў краіне.
Як з’яўляюцца ідэі такіх матэрыялаў?
Ідэі з’яўляюцца з жыцця. Ёсць нейкая істотная праблема ў грамадстве і трэба яе расследаваць. Калі наркаманаў было пад трыста тысяч чалавек, дык можа гэта праблема, можа трэба паказаць грамадству нейкія схаваныя моманты?
Якія прапановы вы можаце даць маладому журналісту, які ўпершыню ўзяўся за расследаванне? З чаго пачынаць?
Адолець іншыя жанры, інфармацыйныя – у першую чаргу. Самае галоўнае – быць незалежным чалавекам, ўсебакова падыходзіць да пытанняў і развіваць свае мазгі, каб знаходзіць крэатыўныя метады збору інфармацыі.
Журналісцкае расследаванне складаецца і з інтэрв’ю, і з навін, і з рэпартажаў, да якіх дадаецца следчы метад. Калі ты не ўмееш рабіць рэпартажы ці пісаць інтэрв’ю, дык і журналісцкае расследаванне не адолееш, адназначна.
Размаўляла Анастасія Калач
***
Дзмітрый Сурнін: Пошук героя – гэта пошук эмоцый, драмы
Баланс паміж фарбамі і фактамі: майстар-клас ад Глеба Лабадзенкі
Вольга Тамашэўская: Эканоміку трэба тлумачыць простымі словамі
Яўген Валошын: Маладым журналістам усе карты ў рукі