Алесь Залеўскі: У журналіста не павінна быць аўтарытэтаў – адказы трэба шукаць самому

Як адзначыў у самым пачатку Алесь: “На такую ​​тэму складана ладзіць якое-небудзь шоў, хутчэй, у нас атрымаецца жывая дыскусія”. Усё пачалося з абмеркавання самога паняцца “інфармацыйная вайна”, затым выказаўся кожны з экспертаў: пра сваё разуменне і стаўленне да інфармацыйных войнаў, пра прычыны іх распальвання, пра канкрэтныя прыклады і магчымыя спосабы барацьбы з гэтай з’явай.

Некаторыя з гледачоў актыўна ўключаліся ў гутарку. Маладыя журналісты таксама спрабавалі знайсці сябе ў бурным абмеркаванні. Эксперты, абапіраючыся на ​​шматгадовы досвед працы, давалі пачаткоўцам каштоўныя прафесійныя парады.

Напрыклад, Вольга Шастакова падзялілася такімі назіраннямі: “Журналіст павінен даносіць да аўдыторыі тую інфармацыю, у якую сам верыць. Ні пра якую аб’ектыўнасць гаворкі быць не можа. Журналіст – гэта, у першую чаргу, чалавек, які таксама выказвае сваё меркаванне, а прыслухацца да яго ці не – гэта ўжо выбар самага чытача або гледача. І наогул, галоўнае – правільна выбраць СМІ і тэму, у якіх вам будзе камфортна працаваць і выказваць свой ​​пункт гледжання”.

Пасля доўгіх і гарачых абмеркаванняў, спрэчак, супрацьстаянняў часам зусім полюсных меркаванняў, усе ўдзельнікі прыйшлі да адзінай высновы: журналісты ў любой сітуацыі, у тым ліку ў вельмі складаны перыяд інфармацыйных войнаў, нягледзячы ні на што, павінны якасна рабіць сваю працу, захоўваючы пры гэтым чысціню фактаў.

 

Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства з намі падзялілася Леся Лянок, будучая журналістка: “Ток-шоў было на вельмі актуальную і вострую тэму, якая закранула ўвесь свет. Дыскусія атрымалася цікавая і насычаная, мы пачулі шмат розных меркаванняў і пунктаў гледжання. Журналісты сапраўды граюць важную ролю ў інфармацыйных войнах. Як адзначыў адзін з экспертаў, мы выступаем у ролі дактароў ці святароў. Добра справіўся са сваёй місіяй вядучы Алесь Залеўскі – не было сумных момантаў або паўз, ды і як чалавек ён вельмі абаяльны і харызматычны”.

 

Пасля мерапрыемства мы пагутарылі з яго вядучым Алесем Залеўскім.

 

Наколькі ток-шоў як журналісцкая форма эфектыўна пры абмеркаванні і вырашэнні актуальных праблем?

 

Гэта эфектыўны сродак, асабліва актуальны ў кантэксце тэмы, якая сёння была агучана. Мы высветлілі падчас ток-шоў, што ахвярамі інфармацыйных войнаў становяцца менавіта людзі, якія не ўмеюць і не хочуць крытычна мысліць. Ток-шоў – гэта сутыкненне варожасці праўдаў, што ўжо само па сабе прымушае ўдзельніка ці тэлегледача думаць і аналізаваць, з чым пагаджацца, а з чым – не.

 

Сёння адбыўся паўнавартасны дыялог з удзельнікамі?

 

Мне падаееца, што так. Але я не да канца задаволены, бо мне хацелася, каб маладыя журналісты, а яны сёння прысутнічалі ў зале, праяўлялі больш актыўнасці. Прага задаваць пытанні – гэта асноўная якасць для журналіста. Я, канешне, дапускаў, што побач з такімі шаноўнымі экспертамі маладыя журналісты будуць саромецца. Але лічу, што ў журналіста не павінна быць аўтарытэтаў. Адказ на ўсе пытанні трэба шукаць самому.

 

Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны тэлежурналіст, каб яму не паставілі дыягназ “гаворачая галава”?

 

На тэлебачанні, як правіла, так назваюць тых, хто чытае, што яму напішуць. Гэта агучванне чужых думак, агучванне інфармацыі толькі дзеля агучвання. Каб вас не называлі “гаворачай галавой”, трэба самому папрацаваць сярод людзей на месцах тых ці іншых падзеяў, мець досвед працы падчас канфліктаў і рэзанансных палітычных ці грамадскіх падзеяў. Тады ты будзеш мець пэўнае уяўленне, што магчыма агучыць, а што, можа, не да кацна адпавядае крытэрыям праверанай інфармацыі.