“КоммерсантЪ”: Цана дзяржпакета “Гродна Азот” завышана мінімум на 50%

Нагадаем, у мінулую пятніцу Дзяржкаммаёмасці апублікавала інфармацыю пра конкурсны адбор інвестара для ўдзелу ў прыватызацыі дзяржаўных акцый ААТ “Гродна Азот” — буйнога вытворцы мінеральных угнаенняў. Плануецца прадаць 1.629.515 акцый, доля якіх у статутным фондзе гэтага ААТ складае 25% плюс адна акцыя. Стартавая цана пакета — 414 млн. долараў ЗША.

 

“Як тлумачаць у ведамстве, цана вызначана з улікам прамых паставак газу ад магістральнага газаправода “Газпром трансгаз Беларусь”, — адзначае расійскае выданне. — У перспектыве новы акцыянер зможа павялічыць свой пакет да кантрольнага. Для гэтага будзе праведзена дадатковая эмісія, якую інвестар павінен будзе выкупіць “па рыначным кошце на 1 студзеня таго года, у якім будзе прынятае рашэнне” пра выпуск папер, але не менш як за 440 млн. долараў. Гэтыя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю “Гродна Азота”.

 

Ад інвестара таксама патрабуецца да 2019 года ўключна прафінансаваць будаўніцтва новага азотнага комплексу з цэхам аміяку на 875 тыс. тон у год і цэхам карбаміду магутнасцю 1,2 млн. тон за год.

 

Кошт мадэрнізацыі “Гродна Азота” Мінск ацэньваў у 400 млн. долараў, а будаўніцтва новага комплексу — у 1,2—1,4 млрд. долараў. Яшчэ адной умовай з’яўляецца гарантыя паставак газу не менш як на дзесяць гадоў (цяпер спажыванне “Гродна Азота” — каля 2 млрд. кубаметраў у год). Пры гэтым кошт газу павінен забяспечваць рэнтабельную працу прадпрыемства. Да выканання абавязацельстваў інвестар абмежаваны ў распараджэнні акцыямі “Гродна Азота”, а да 2025 года ў Беларусі застаецца пераважнае права на выкуп пакета, канстатуе выданне.

 

Трыма асноўнымі прэтэндэнтамі на “Гродна Азот” у Расіі на рынку называюць “Еўрахім”, “Газпрам” (цяперашні пастаўшчык газу) і “Роснафту”, — піша “КоммерсантЪ”. — Нафтакампанія ў канцы 2013 года паведамляла, што зацікаўлена ў пастаўках газу прадпрыемству, і планавала абмеркаваць гэта з “Газпрамам”, але кіраўнік “Роснафты” Ігар Сечын казаў, што не разглядае магчымасць куплі актыву. У пятніцу ў “Роснафце”, “Газпраме” і “Акроне” (найбуйнейшы ў Расіі вытворца азотных угнаенняў) ад каментараў адмовіліся. Прадстаўнік “Еўрахіма” Уладзімір Торын пацвердзіў цікавасць кампаніі да куплі долі ў “Гродна Азоце”, але адзначыў, што для прыняцця рашэння неабходна вывучыць конкурсную дакументацыю”.

 

Андрэй Шэнк з “Альфа-Капіталу” лічыць, што кошт пакета “Гродна Азота” завышаны як мінімум у паўтара разу з улікам рызыкаў павышэння цаны на газ і немагчымасці рэальнага кіравання: новы ўладальнік атрымае толькі прысутнасць у савеце дырэктараў кампаніі.

 

“Паводле меркавання эксперта, у “Роснафты” стаіць пад пытаннем магчымасць паставак газу, і яе не варта разглядаць у якасці рэальнага прэтэндэнта, а для “Газпрама” гэта няпрофільны бізнес. Найболей верагодным пакупніком спадар Шэнк бачыць “Еўрахім”, які нядаўна пачаў уласную здабычу газу, але ад такой куплі для кампаніі не будзе сінэргіі”, — адзначае расійскае выданне.

 

Конкурсны адбор прапаноў па куплі дзяржпакета акцый “Гродна Азота” запланаваны на 29 ліпеня.