Трылер са шчаслівым канцом
25 траўня каманда Сяргея Саладоўнікава гуляла ў Бабруйску. Тамтэйшая “Белшына” – каманда для гарадзенцаў у апошнія гады больш, чым зручная – “шыннікі” не ведаюць перамогаў над “Нёманам” ужо пятнаццаць год!!!
Вось і нядзельная сустрэчы распачынаецца – лепш не прыдумаеш! Ужо на 10-й хв. ветэран каманды Дзмітрый Кавалёнак, які ўпершыню ў гэтым сезоне выходзіць на поле ў асноўным складзе, робіць лік 1-0 на карысць гасцей.
Гаспадары, аднак, яшчэ да перапынку адказваюць на гол гарадзенцаў трымя (!) сваімі. Пры гэтым у двух выпадках няўдала гуляе дасведчаны брамнік “Нёмана” Аляксандр Суліма.
На другі тайм замест яго выходзіць ужо Рапаліс. Свежасці гарадзенскай атацы надаюць яшчэ два рэзервовыя – Рэкіш і Дзянісевіч. І цуд здараецца!
Спачатку на 64-й хвіліне забівае Савіцкі. Праходзіць яшчэ 12 хв. – і Рэкіш робіць лік роўным.
За 9 хв. да канца сустрэчы арбітр выдаляе з поля абаронцу “Нёмана” Вітуса. Здавалася б, усе карты ў рукі гаспадарам, але пераможны гол забівае “Нёман”. Гэта Дзмітрый Кавалёнак скарыстаўся пасам Рэкіша і паставіў пераможную кропку ў сустрэчы.
Памылкі Сулімы і ўсе галы гарадзенцаў глядзіце ў відэа:
Дзякуючы гэтай перамозе гарадзенцы зноў палепшылі свае шансы на тое, каб патрапіць ў шасцёрку мацнейшых каманд краіны, якая ўвосень працягне змаганне за медалі сёлетняга чэмпіянату.