Марока: нататкі падарожніка. Частка І

“Паглядзі ў вочы Джыну, і ты зазірнеш у глыбіні сваёй уласнай душы”

(мараканскае выслоўе)

 

“Калі хочаш быць шчаслівым, будзь ім”

(Казьма Пруткоў)

 

Ідэя з’ездзіць у Марока ў мяне з’явілася яшчэ ў мінулым годзе – за паўгода да самой вандроўкі. Кампанію для падарожжа было знайсці няпроста, але ў лютым мне напісала вельмі прыемная дзяўчына Алена, якая прапанавала разам ехаць туды на два тыдні. На наступны дзень я ўжо набыла квіткі – атрымаліся чатыры пералёты Rayanair з Варшавы да Феса і назад з перасадкамі ў Марсэлі і Пізе – агулам каля 150 еўра.

 

Я пачала яшчэ больш чытаць пра Марока, яго культурныя і прыродныя славутасці, гарады і людзей. Мяне проста заварожвала ўсведамленне таго, што я ўбачу самы сапраўдны Атлантычны акіян, пустыню Сахару, Атласкія горы, пахаджу па старажытных і прыгожых гарадах – Фесе, Рабаце, Маракешы. Я прачытала кнігу Тахіра Шаха “Год у Касабланцы” пра пераезд сям’і пісьменніка з Лондана ў эканамічную сталіцу Марока – яе мне параіла Алена, і я ў сваю чаргу раю ўсім астатнім.

 

У адрозненні ад грамадзян Расіі, беларусам патрэбная віза. Консульства Марока ў Беларусі няма, нам дапамагла мінская турыстычная фірма – заплацілі па 90 долараў. За візай у Марока можна з’ездзіць і самому ў Маскву ці Варшаву. Маім спадарожнікам патрэбныя былі яшчэ транзітныя шэнгенскія візы.

 

Дзень 1. Гродна – Беласток

 

Увечары я выбралася ў Беласток на цягніку, там пераначавала, а зранку паехала аўтобусам у Варшаву. Я падстройвалася пад расклад руху аўтобуса Podlasie Express (Беласток – аэрапорт Modlin), на які я загадзя набыла танны квіток праз інтэрнэт (16 злотых).

 

Цягнік мне трапіўся вельмі ўтульны, мяккі (не пластмасавы, да якога я ўжо прыгатавалася). Увечары я папіла кавы ў McDonald’s і засялілася ў танны, але шумны хостэл недалёка ад аўтавакзала (29 злотых), дзе я разгаварылася з суседкай па пакоі і ў выніку паспала гадзіны тры.

 

Дзень 2. Беласток – Варшава – Марсэль

 

Аэрапорт. Спакойна размясцілася, прайшоўшы ўсе магчымыя агляды і пачала чакаць сваіх спадарожнікаў. Сустрэлася з імі толькі тады, калі аб’явілі пасадку на наш рэйс – высветлілася, што яны доўга стаялі на мяжы. Трэба сказаць, што людзі мне трапіліся вельмі добрыя ў якасці спадарожнікаў – простыя і шчырыя, як і трэба. Наша кампанія складалася з васьмі чалавек.

 

Прыляцелі. Ну тут і спёка! Францыя, Праванс, Марсэль. Мне сказалі, што 77% мясцовых жыхароў – зусім не мясцовыя, а эмігранты з паўночнай Афрыкі – Алжыра, Лівіі, Туніса, Марока і некаторых іншых. І сапраўды – звычайных белатварых французаў убачылі не так і шмат. Хтосьці пажартаваў, што гэта паступовая падрыхтоўка нас да афрыканска-арабскага асяроддзя.

Аэрапорт знаходзіцца ў 27 кіламетрах ад Марсэля, ехаць прыкладна паўгадзіны. Вось мы едзем ва ўтульным аўтобусе з кандыцыянерам (8,2 еўра і 5,8, калі пасажыру да 26 год), а вакол мінаюць прыгожыя краявіды з Міжземным морам і яшчэ не высокімі, але ўжо Альпамі.

Арыентавацца па горадзе без мапы цяжкавата, але ён ужо падабаецца. Чаму ж не спадабаецца гораду, дзе будаўнікі з поўдня ў свой час пабудавалі прыгожыя масіўныя будынкі на свой лад і густ (па-простаму – як умелі), дзе хлопчыкі-арабы весела гуляюць у футбол, слухаюць музыку ці гойсаюць на раварах, дзе так прыгожа блішчыць вада на ўзбярэжжы і так маляўніча сонца сядае ў Міжземнае мора, і яго агонь ужо дагарае ўглыбіні.

 

Як жа цудоўна было вячэраць салам і хлебам і запіваць усё віном, канечне ж французскім, смяяцца з жартаў новых сяброў на набярэжнай Марсэля і дыхаць паветрам падарожжа! Пасля вячэры мы яшчэ трохі прагуляліся ўздоўж Міжземнага берага і сценаў фарта-крэпасці святога Яна, атрымліваючы асалоду ад  захаду сонца і марскога подыху.

Пасля вяртання ў аэрапорт мы не спяшаючыся прыгатаваліся да сну і адпаведна палеглі – хто на шэрагах крэслаў, закруціўшыся ў спальнік, хто проста на падлозе – у спальніку і на дыванку.

 

Дзень 3. Марсэль – Фес – акіян (самы сапраўдны)

 

У самалёце ў суседках у мяне была вельмі прыемная жанчына, закручаная ў вялізную хусту і апранутая ў даўжэзны халат. Яна час ад часу так шчыра мне нешта гаварыла – расказвала, тлумачыла, і, бачна, трошкі пасумнела, калі зразумела, што я не размаўляю ні на французскай мове, ні па-арабску.

 

Прыляцелі. Спёка – ого-го! Вось яна Афрыка – чорны кантынент, вось яна – доўгачаканая краіна са сваёй прыродай, культурай і каларытам. Спачатку не верылася, што мы ўжо тут.

 

На пошукі арэндных аўтамабіляў пайшлі дзве ці нават тры гадзіны. Заўжды хочацца выбраць найбольш выгадны варыянт паводле цаны, паліва (від+цана+расход), стану аўтамабіля. Калі мы ўсё знайшлі, заправіліся і закупіліся ў модным супермаркеце, дык адразу паехалі шукаць месца свайго першага ў жыцці афрыканскага пікніка. Ён у нас атрымаўся слушным – мараканскі хлеб, памідоркі, каўбаскі-паштецікі, садавіна. Месца было прыемнае – дрэвы, мяккая трава, дзе было добра сядзець, абедаць, размаўляць і назіраць за дарогай, па якой праязджалі мараканцы, што перавозілі сябе, мараканскія рэчы, мараканскіх коней.

 

Горад Фес мы пакінулі на заканчэнне дарогі, пастараліся не трапіць пад каня, што ляцеў на нас недзе зверху, і паехалі ў бок акіяна. Па дарозе добра спалася.

 

Калі ўжо пачало сядаць сонца, мы выйшлі да невялікага возера размяць ногі, палюбавацца краявідамі і пафатаграфаваць. Хтосьці пайшоў гуляць па ўзбярэжжы, хтосьці пайшоў лазіць па камянях, што былі рэшткамі старой-старой скалы, а хтосьці – рабіць здымкі каларытных авечак з пастухом. Я выбрала камяні. А яшчэ ў той дзень я ўпершыню залезла на самую высокую частку мінарэта мячэці, хай і закінутай.

Паехалі далей. Ужо сцямнела. Спыніўшыся па дарозе ў невялікім горадзе ці нават пасёлку, дзе на ўсю вуліцу гаманіў футбольны каментатар, нашы кіроўцы трошкі адпачылі. Да акіана мы даехалі ўжо познім вечарам, і ў той дзень я яшчэ яго не бачыла. Але вельмі добра чула яго магутны голас. Ва ўсю атрымліваючы асалоду ад акіянскага гоману, мы салодка паснулі ў раскладзеным на хуткую руку намёце. Першы паўнавартасны дзень у Марока завершаны.

 

Працяг будзе…

 

Іншыя падарожжы “Твайго стылю” глядзі на нашай мапе.


View Мапа падарожжаў “Твайго стылю” in a larger map