Мікалая Аўтуховіча не выпусцілі на лячэнне ў Мінск

Аўтуховіч застаецца пад прэвентыўным наглядам. Акрамя таго, што ён мусіць быць у хаце ад 22.00 да 6.00, яму нельга выязджаць без дазволу за межы Ваўкавыску, дзе ён цяпер жыве.

 

Стан здароўя былога ваўкавыскага прадпрымальніка падчас дзевяці гадоў зняволення значна пагоршыўся. Кепскія аналізы крыві, зламаныя зубы, але найбольш яго турбуе боль у правай руцэ. Спадар Мікалай ужо абследаваўся ў Гродне ў першы дзень пасля выхаду на волю, пасля – у Ваўкавыску. Але дактары пакуль не могуць знайсці прычыну болю. Таму Аўтуховіч і шукае, дзе яго здароўю змогуць дапамагчы. Адначасова былы вязень мусіць зрабіць адмысловыя аналізы крыві на цукар, без якога яму нельга ўставіць зубныя імплантаты.

 

Першапачаткова Аўтуховіч хацеў паехаць у віленскі шпіталь, але яму не дазволілі – патрабавалі давесці, што ў Беларусі няма адпаведнага абсталявання і медычных кадраў. Гэтага зрабіць не атрымалася, і тады ён перанакіраваўся на Мінск. Да апошняга моманту яго нібыта выпускалі туды на лячэнне.

 

Былы палітвязень на патрабаванні міліцыянтаў некалькі разоў прыносіў у РАУС накіраванне ў шпіталь ды іншыя дакументы, аднак кожны раз службоўцы патрабавалі новыя паперы. У выніку дазволу на выезд ён гэтак і не атрымаў.

 

Мікалай Аўтуховіч будзе паўторна прасіць дазволу выехаць у Мінск лячыцца.