Гастранамічная мапа Гродна: кавярня-клуб “Чэмпі”

|

“Чэмпі” знаходзіцца ў падвале новага будынка па вуліцы Антонава – злева ад сумнавядомай “Полькі”. Уваход пазначаны вялікай стылёвай шыльдай – круглым лагатыпам, які нагадвае лога сеткавых кавярняў тыпу Coffeeshop Company, Starbucks ці расійскай “Кофе Хауз”.

Спусціўшыся ўніз, трапляеш у даволі стылёвае невялікае памяшканне, інтэр’ер якога ў большасці выкананы з дрэва. Мэбля сучасная і дыхтоўная, інтэр’ер наогул вельмі просты, але гэта акурат плюс. Справа адразу сустраекае сцяна-дошка з сапраўднай інфаграфікай пра склад мясцовай піцы.

Дарэчы, за кухню тут адказвае колішні супрацоўнік Basta Pasta Павел Максімчык, а яго стравы мы ўжо для сябе адзначылі ў канцы мінулага сезону, калі наведваліся ў Basta Pasta. Месца працы змяняюцца, але талент і ўменні застаюцца, таму за кухню ў “Чэмпі” можна не хвалявацца.

 

Мы замовілі піцу “Панчэта”, якая, па словах вельмі ветлівай афіцыянткі, павінна быць далікатнай і “сметанковай”. Такой яны і была, з вельмі добрым, класічным цестам неапалітанскай піцы. Кошт – 90 000, на дваіх самае тое. Агулам, у меню ўсяго пяць вельмі класічных піц цаной ад 60 000 да 100 000. І ніякіх ананасаў у складзе!

Дадаткова мы вырашылі паспрабаваць брускету за 55 000 – яе ў меню тры віды, якія, насамрэч, не вельмі моцна адрозніваюцца. Атрымаўшы “італьянскі гарачы бутэрброд”, мы былі нямала здзіўленыя яго дастаткова вялікім памерам, колькасцю накіданай зверху рукалы і прыгожай падачай – спачатку нават хлеба не бачна (глядзі фота вышэй). Заўвагу можна мець толькі да хлеба, які на наш погляд быў недастаткова падсмажаны і не вельмі нагадваў італьянскую чыябату.

 

Брускетай з “Чэмпі” можна выдатна перакусіць, тым больш у Гродне амаль няма іншых месцаў, дзе можна з’есці такую страву – узгадваецца толькі тая ж Basta Pasta, дзе ўсё меню даражэй, і “Карыца”, пра брускету ў якой нам хочацца забыць назаўсёды.

 

Італьянскую тэматыку працягваюць дзве пасты – карбанара і таскана па 70 000 за порцыю, а таксама дэсерты. Мы з асабістага досведу раім выдатны ласунак “Анджэлеці” за 40 000, які добра ідзе пасля піцы.

Іншых гарачых страваў (80 000 – 110 000) і гарніраў да іх (25 000 – 85 000) мы не каштавалі, гэтаксама як і адмысловага фан-меню. Пад прагляды спартовых трансляцый у “Чэмпі” прапануюць курыныя крылы і нагетсы за 50 000, а таксама смажаны сыр за 45 000. Кажуць, з пачатку чэрвеня ў меню з’явіліся супы, але мы яшчэ не паспелі гэта праверыць.

 

Запіць абед мы вырашылі кавай, якая нічым не адрозніваецца ад сярэднай па горадзе: ані якасцю, ані цаной – амерыкана каштуе 15 000, смак дастаткова сярэдні. Па суадносінах цаны і якасці лідарам усё яшчэ застаецца амерыкана ў “Кубе”. З іншых напояў – піва лідскага завода, у тым ліку амаль недасяжнае ў крамах “Вечер в Брюгге”.

Нават сыходзячы з назвы лёгка здагадацца, што “Чэмпі” мае спартовы ўхіл – на вялікім экране можна глядзець трансляцыі матчаў. Такіх бараў у Гродне не хапае – некалі была “Шайба”, цяпер узгадваецца толькі “Ліга” на Урублеўскага, але гэта значна ніжэйшая катэгорыя. Да таго ж размяшчэнне “Чэмпі” блізка да цэнтра горада – безумоўны плюс.

 

Першы месяц працы “Чэмпі” паказаў, што кавярні не чужая і добрая музыка – у канцы мая там вельмі паспяхова прайшоў канцэрт гарадзенскага гурта “Прощай, привычка” (фота з vk.com аўтарства Святланы Маглыш).

Таксама ў “Чэмпі” можна паспяваць караоке, а ў адпаведныя дні дзейнічаюць зніжкі. Напрыклад, у чацвяргі – невялікая зніжка на піва і кактэйлі, у аўторкі – для студэнтаў, у пятніцы – для кампаній ад пяці чалавек.

 

Такім чынам, на гастранамічнай мапе Гродна, у зусім нечаканым месцы з’явілася прыемная кавяранка са смачнай італьянскай кухняй (адпаведна цэны не самыя нізкія, але ў межах разумнага) і дастаткова простым інтэр’ерам. У выніку напаўненне “Чэмпі” можа быць зусім розным – пад любога наведніка. Хутка Чэмпіянат у Бразіліі і варта падумаць, ці не выбрацца глядзець матчы акурат сюды.

 

Час працы: 18.00 – 4.00

 

Здымкі vk.com/champi_grodno

 

Чытай таксама іншыя нашыя агляды з серыі “Гастранамічная мапа Гродна”:

Тракцір “Падкова”

Бар “Куба”

Тапас-бар “Амігас”

 

Глядзі мапу кавярняў, бараў і рэстаранаў. Калі пабачыш недакладнасць – каментуй і мы выправім!


View Мапа гарадзенскіх кавярняў, бараў і рэстаранаў in a larger map