Удзельнік апытання ў Гродне: Склады заваленыя, цэны падымаюцца — трэба мяняць кіраўніцтва

| Без катэгорыі

“Усё залежыць ад таго, хто дзе працуе, у якой сферы дзейнасці. У агульным сэнсе стан эканомікі, мне здаецца, нядрэнны, троечку з плюсам можна паставіць”.

 

“Што да эканомікі, дык цяпер ва ўсіх краінах такая неразбярыха, спад вытворчасці. Па пяцібальнай? Ну, напэўна, чатыры з паловай”.

 

“Цэны растуць, і я думаю, што эканоміка не на пяцёрку. Рэформы патрэбныя. Мы ў саюзе з Расіяй і Казахстанам, таму ўсё даражэй стала”.

 

“Сама ўлада гаворыць, што эканоміка кульгае. І выступленні нашага паважанага прэзідэнта ўвесь час зводзяцца да крыкаў, да звальненняў. Адсюль і выснова — нешта ў нас вельмі дрэнна. А людзі гавораць аб гэтым толькі ў сябе дома, на вуліцы баяцца. Усе склады ў нас заваленыя, цэны зноў падымаюцца — трэба мяняць кіраўніцтва. Мы жывём у такім месцы, нам бліжэйшая Заходняя Еўропа, а не Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан”.

 

“У нас эканоміка — балы на два”.

 

“Мне здаецца, цяперашняя беларуская эканоміка ў добрым стане. Я некалькі дзён як праехаў Балгарыю, Македонію, быў у Грэцыі і магу параўнаць. Дарог там няма, нічога не будуецца, усё стаіць на месцы. Найлепшае становішча цяпер у Польшчы”.

 

“Якая эканоміка цяпер у Беларусі? Усе, бачыце, куды ідуць? На рынак, мінуючы краму, — на рынку танней. Быў у польскім консульстве — па візу не прабіцца, значыць, усе едуць куды? У Польшчу — значыць, там лепей, танней — усё, што трэба чалавеку. А наконт цяжкай прамысловасці — я не ў курсе. Каму прадаць наш “БелАЗ” — толькі што эфіёпам не прапаноўвалі, а так — усім”.