Краіна Баскаў: Анаці

|
     
  Пра падарожжа Ігара Кузьмініча ў Більбао чытай тут.  
     

 

У адрозненні ад Ваўкавыска Аніці мае па-еўрапейску вузкія вуліцы і кампактную, шчыльную забудову. У гарадах як Ваўкавыск усё наадварот. Калі сам горад па колькасці насельнікаў невялікі, то будынкі, такое ўражанне, нехта знарок раскідаў так, каб цяжка было дабрацца ад аднаго канца горада да другога.

 

Яшчэ адрозненне ад Ваўкавыска – у Анаці практычна адсутнічаюць аднапавярховыя будынкі. У цэнтры старая двух-трохпавярховая забудова, на ўскрайках таксама як у нас “спальныя раёны”.

 

У самым сэрцы Анаці самыя старыя будынкі: сабор, у былым будынку каталіцкай дыяцэзіі месціцца зараз інстытут сацыялогіі права, ды будынак адміністрацыі места на цэнтральнай плошчы.

 

Анаці – цэнтр падтрымкі сепаратыстаў і вядомай арганізацыі ЭТА. Кажуць, каля 80% мясцовых падтрымліваюць ЭТА. Не ведаю ці гэта так, але і ў горадзе, і на гаўбцах у Анаці баскскі сцяг – звычайная справа. Яшчэ ёсць расцяжкі з контурамі краіны Баскаў і нейкімі надпісамі па-баскску.

 

Надпісы фарбай на сценах зробленыя пад трафарэт, як слоганы барацьбітоў за свабоду ад Іспаніі ці надпісы футбольных фанатаў?

 

 

Гэтая тэрыторыя істотна пацярпела ў часы Франка. Бо баскі пераважна падтрымлівалі рэспубліканцаў у грамадзянскай вайне. Баскская (як, дарэчы, і іншыя мовы ў Іспаніі, напрыклад, каталонская) была забаронена. Пасля смерці Франка сітуацыя змянілася, зараз баскі маюць аўтаномію, свой сцяг, мову як другую афіцыйную. Аднак, падобна да Беларусі, пачуць баскскую на вуліцы вельмі складана. Я спецыяльна прыслухоўваўся, але чуў зазвычай іспанскую. А самі баскі так радуюцца, калі замест ангельскага дзякуй чуюць “грасіяс”… “мучо грасіяс”, што я хутка неяк засвоіў некалькі іспанскіх словаў і пачаў іх актыўна выкарыстоўваць.

 

Мне здаецца, беларусы і баскі маюць шмат падобнага. Напрыклад, любоў да свініны. Асабліва да хамона. Што гэта такое? Ды звычайны беларускі кумпяк! Смак толькі крыху адрозніваецца. Такі смак у нас называюць “з’ялчэлае мяса”. Гэта не сапсаванае мяса, а мяса з такім асаблівым пахам і асаблівым смакам… І звычайна ўзнікае разам са з’яўленнем на мясе бела-жаўтаватага налёту.

 

Баскі, таксама як беларусы, – партызаны. Беларус збольшага беларус толькі для сябе і сваю беларускасць часцяком нікому незнаёмаму не дэманструе, а часта нават сваім родным і сваім дзецям… Думаю, тое ж можна сказаць пра баскаў. Баскі – гэта супольнасць “у сабе”. Баскі, якія не дэманструюць сваю “баскскасць”, маскіруюцца пад іспанскае атачэнне…

 

“Для баска, альбо для іспанца ў Беларусі, верагодна, таксама цяжка адрозніць беларускую ад расейскай, як мне вылучыць баскскую”… – так сабе думаў я.

 

Тут зусім не даюць у кавярнях на гарбату. Але кошты такія, што і не трэба даваць. Што праўда, для ангельцаў ці немцаў усё танна, а нам дарагавата. У Польшчы значна танней.

 

Мястэчка жыве нейкім сцішаным жыццём. Вячэраць людзі выходзяць у мясцовыя бары сем’ямі. Але паколькі месцаў мала, то шмат хто есць і п’е віно стоячы разам з дзецьмі і бацькамі проста ля стойкі. Тут прынята не затрымлівацца ў бары і пасля аднаго віна і перакускі “пічэнта” (крыху падсушаны цёплы хлеб з соўсам і кальмарамі ці якімі гадамі марскімі) прынята пераходзіць у наступны бар. Так яны могуць вандраваць да гадзіны-дзвюх ночы, пры чым робяць гэта разам з дзецьмі, нават вельмі малымі.

 

Паколькі Анаці падтрымлівае ЭТА, усе перакананы, што тут бяспечна. Ніякіх выбухаў быць не можа. На вуліцах сапраўды адчуваеш спакой, хоць паліцыі практычна не відаць.

 

На вокнах і гаўбцах акрамя сцягоў вісяць расцяжкі, як мне патлумачылі, у падтрымку арыштаваных сепаратыстаў.

 

 

І тут яшчэ адна розніца паміж намі і баскамі. Мне цяжка ўявіць беларусаў, якія хаця б у нейкай колькасці вывесілі на сваіх балконах расцяжкі ў падтрымку, напрыклад, таго ж Бяляцкага. Я разумею, што сітуацыя іншая, але сепаратысты, я так разумею, сядзяць па артыкулах звязаных, верагодна, з тэрарызмам. Думаю, што ў Іспаніі за гэта наўрад ці адміністрацыя, паліцыя і спецслужбы раздаюць цукеркі…

 

Але тут раптам чую зусім незнаёмую мне мову. Азіраюся і бачу, як тата размаўляе са сваімі малымі па-баскску. Дакладна як у Гародні ці тым самым Ваўкавыску ў моры расейшчыны я з сынамі як часцінка беларускага. Гэты бацька жыве ў такіх самых умовах.

 

Вяртаюся ў аэрапорт. Таксіст пытаецца “спаніш”? І праз маленькую паўзу з усмешкай – “баск”? Я адказваю, што гавару, на жаль, толькі па-англійску. На гэтым камунікацыя сканчаецца. Прыехаўшы, я кажу аўтаматычна “грасіяс”. Таксіст глядзіць на мяне з той самай усмешкай і кажа: “Но грасіяс – mila esker!” Здагадваюся, што гэта па-баскску.

 

Разумею, што ён зараз сябе адчувае прыблізна так як я, калі на мяжы польскі памежнік падчас праверкі дакументаў гаворыць мне: “зАчем едЕте?” І стараецца зрабіць мне сваёй расейскай прыемна…

 

“Не естэм росянінэм” – адказваю я, і кожны раз такі памежнік крыху здзіўлена пазірае на мяне…