Rzeszow Klezmer Band скарыў гарадзенцаў
Канцэрт адбываўся 7 чэрвеня ў будынку лютэранскай кірхі, які славіцца сваёй добрай акустыкай.
Rzeszow Klezmer Band быў створаны ў 2004 г. і ўжо даў больш за 300 канцэртаў у розных краінах свету. Хлопцы – палякі па паходжанні, граюць габрэйскую музыку ва ўласнай арыгінальнай апрацоўцы.
Так, гарадзенцы пачулі і танга, і македонскія ды балгарскія матывы, і традыцыйныя габрэйскія мелодыі ў джазавай апрацоўцы.
– Гэта радасны дзень! – скажа ў канцы канцэрту консул па культуры Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне Веслаў Раманоўскі (на здымку ніжэй). І патлумачыць:
– У кірсе адчынілі арган, у Гродне Фестываль, у Кіеве нашыя браты-ўкраінцы святкуюць сваю перамогу, і ў дадатак выступілі вы!
Добрая навіна для тых, хто не здолеў патрапіць на канцэрт 7 чэрвеня – у нядзелю а 15-й гадзіне хлопцы зайграюць у будынку сінагогі.
Канцэрты Rzeszow Klezmer Band 7-8.06.2014 у Гродне адбылiся ў межах рэалiзацыi культурна-рэлiгiйных праектаў Праграмы Габрэйска-Хрысцiянскага Дыялогу “Shomer International”.
Фота Ланы Руднік