Чаму прадукты ў Польшчы таннейшыя за беларускія? Апытанне ў Гродне
Спадар: “Я бываю ў Польшчы дастаткова часта, і кошты на прадукты, на тое ж мяса, істотна мешыя. І я звязваю гэта з тым, што безумоўна робіць сваю справу канкурэнцыя. Я думаю, рэформы патрэбны ў двух кірунках. Патрэбны лепшыя ўмовы для прыватнай уласнасці ў сельскай гаспадарцы, для фермераў. Сама сельская гаспадарка, якая існуе цяпер, патрабуе вельмі істотнай мадэрнізацыі”.
Хлопец: “Праяжджаючы па Беларусі, мы бачым вельмі прыгожую краіну, мы маем вельмі развітую сельскую гаспадарку. Няма такога занядбання, як у Расеі. Чаму так растуць цэны? Таму што, відаць, вельмі шмат грошай мы трацім на гэтую прыгажосць, якая вакол нас. Можа варта было б задумацца аб новых тэхналогіях, каторыя змогуць удзешавіць гэтую прадукцыю”.
Сталы мужчына: “Напэўна, там танней таму, што больш у галаве шэрага рэчыва ў іх, і яны рэальна ставяцца да свайго народу. А тут, атрымліваецца, што больш турбуюцца аб міжнародным становішчы Беларусі ў свеце і славесна — аб народзе”.
Спадар: “У Расіі, хлопец ехаў, нашы гарадзенскія кумпячкі самыя дарагія і ў параўнанні з тымі кумпячкамі Буша. З Турцыі прывозяць гуркі, якія таннейшыя за нашы. Таму што ў нас выдаткі высокія. Дык навошта іх вырошчваць? Укладзіце ў нешта іншае!”
Спадар сталага веку: “Я доўга працаваў у калгасе, магу сказаць адно, што бардак. Па-першае, няма ўмоваў для захавання. Усім напляваць. Ну і кожны, па-мойму, грабе пад сябе. Ну і п’янства”.
Спадар сталага веку: “Можа, павялічыць заробак сельскагаспадарчым працаўнікам?”
Мужчына: “У нас, па-першае, цэны прыраўноўваюць да расійскіх, каб не было вывазу за мяжу. Таму што цяпер вельмі шмат рускіх, мяжа адкрытая, ездзяць, забіраюць. Вядома, не мне абмяркоўваць справы прэзідэнта, яму відней, але нібыта ў нас і народ працавіты, і сельская гаспадарка ўзнімаецца, працуе. Я ў Расіі быў, працую там, дык хіба параўнаць: там палеткі пустуюць. Але, вядома, гэта не ад народу залежыць”.
Здымак se.pl