Пра “Музыку гарадзенскіх вуліц” піша Tuzin.fm
У Мінску дагэтуль няма ніводнай круглагоднай пешаходнай вуліцы. Затое ў Гародні яна даўно ёсць – вуліца Савецкая. І сітуацыя з вулічным музыкаваннем тут значна больш ліберальная, чым у сталіцы. Браць дазволы на вулічны выступ тут асабліва ніхто не патрабуе. Дзякуючы такім умовам, сёлета стартаваў адмысловы відэапраект “Музыка гарадзенскіх вуліц”. У ім ужо паўдзельнічаў шэраг сталічных музыкаў, а таксама госці з Польшчы, Расіі ды ЗША. На пытанні Tuzin.fm адказаў каардынатар праекта Павел Салаўёў.
ТГ: Чаго вы дамагаецеся сваім праектам? Стварыць уяўленне пра Гародню, як пра горад музыкаў?
– Мы папросту хочам паказаць прыгажосць Гародні праз прыгажосць і разнастайнасць жывой музыкі. Мы здымаем жывую музыку жывых музыкаў тут і зараз.
ТГ: Ці арыентаваліся на нейкія замежныя аналагі?
– Мы з маёй жонкай, бардэсай Тацянай Салаўёвай, удзельнічалі ў падобных праектах – Kaunas acoustics, LDZ Video ў Лодзі… У Вільні ёсць блізкі праект Vilnius Temperature, у Маскве – Fairlane Acoustic. У кожнага маецца свая фішка. У нас – гэта дзве мапы: на мапе Гародні мы пазначаем месцы здымак, а на мапе свету – гарады, адкуль завітвалі артысты.
ТГ: А як, увогуле, выбіраюцца ўдзельнікі? Якія ставіце ўмовы?
– У нас няма пэўнага плану. Мы даведваемся, што ў Гародню прыяжджае музыка альбо каманда, якія нам падабаюцца і якіх мы хацелі б зняць на відэа. Мы звязваемся з імі. Музыка выбірае недаўгую і не нудную песню, якую можна сыграць у акустыцы. Робіцца некалькі дубляў. Адмоваў пакуль што не было.
ТГ: Месцы для здымак падбіраюцца адмыслова пад пэўнага музыку, пад песню?
– У выбары месца маем некалькі крытэраў. Па-першае, там не павінна быць занадта шумна ці людна. Па-другое, гэта мусіць быць прыгожае альбо у чымсці незвычайнае асяроддзе, якое насамрэч перадае прыгажосць ды своеасаблівасць горада. Часам мы сапраўды прывязваемся да песні. Напрыклад, Раман Яраш выканаў песню “Яўрэйцы” на словы Караткевіча перад сінагогай, Аляксей “Крыс” Шыраеў спяваў “По склонам Демерджи” на схіле Замкавай гары, Павал Фахртдзінаў з даволі жорсткай песняй “Овощи” быў адмыслова зняты перад галоўным корпусам універсітэта імя Купалы… У Гародні вельмі шмат прыгожых месцаў.
ТГ: Цікава, чаму ў праекце “Музыка гарадзенскіх вуліц” не паўдзельнічаў ніводзін мясцовы музыка?
– Справа ў тым, што вельмі шмат добрых музыкаў з іншых гарадоў, якія прыяжджаюць да нас з канцэртамі і якіх хочацца паздымаць. А відэа гарадзенцаў пастаянна адкладаецца. Акром таго, мы займаемся праектам у вольны ад працы, сям’і ды іншых справаў час. Але будуць, абавязкова будуць гарадзенскія музыкі. Вельмі хочацца зняць Irdorath, напрыклад. Спадзяюся, праект будзе жыць і развівацца, пакуль у нас хапае сілаў, часу ды энтузіязму. Тым больш, водгукі самыя станоўчыя і ад музыкаў, і ад тых, хто глядзіць відэа ў сеціве. Нас гэта цешыць і дадае энергіі. Значыць, мы робім усё не дарма!