“Нёман” пакінуў адзін з лідэраў клуба
Яшчэ перад пачаткам гэтага сезону з Гродна ў куды больш багаты Казахстан перабраліся серб Яблан і камерунец Эсамэ, якія былі аднымі з лідэраў каманды.
Месяц таму клуб пакінуў латвіец Гірт Карлсонс. Толькі да канца чэрвеня кантракт з “Нёманам” мае Андрэй Хачатуран. І вось яшчэ адна страта.
Іван Садаўнічы з’яўляецца выхаванцам гарадзенскага футболу, але ў асноўным складзе “Нёмана” замацаваўся толькі пасля пераходу з “Віцебска”. Разам з Паўлам Рыбаком Садаўнічы складаў дуэт цэнтральных абаронцаў і згуляў сёлета 10 гульняў чэмпіянату краіны.
У хуткім часе Івана чакаў дэбют у складзе “Нёмана” у еўракубках, але гулец вырашыў пакінуць абцяжараны фінансавымі праблемамі гарадзенскі клуб ужо зараз.
Новай камандай Садаўнічага стане “Табол” з Костаная – чэмпіёна Казахстана 2010 г. Цяпер гэтая каманда ідзе на 9-м месцы.
Пра тое, што атрымае “Нёман” ад пераходу аднаго са сваіх лідэраў у новы клуб, пакуль афіцыйнай інфармацыі няма. Папулярны нямецкі сайт transmarkt.de, які спецыялізуецца на ацэнцы рынкавага кошту футбалістаў, ацэньвае Садаўнічага ў 200 тыс. еўра, але вельмі малаверагодна, што казахстанцы заплацілі гарадзенцам нават палову ад гэтай сумы.