“Нёман” разграміў каманду з Магілёва
Хатнія гульні даюцца гарадзенцам у гэтым сезоне вельмі складана. Вось і гэтым разам пачатак застаўся за гасцямі. На 17-й хвіліне абаронцы гаспадароў як аслупянеўшыя назіралі за тым, як нападнік “Дняпра” у адзіноце Гаўрушка прымае мяч ад партнёра і адкрывае лік у сустрэчы.
У гарадзенцаў у гэтыя хвіліны гульня не вельмі атрымліваецца і з трыбун, на якіх усяго некалькі сотняў заўзятараў, пачынае чуцца свіст ды папрокі ў бязвольнай гульні.
Пры гэтым найбольш дастаецца Рэкішу, які “не бяжыць”, “не змагаецца”, “піжоніць” і г.д.
Свіст змяняецца апладысментамі толькі ў канцы першага тайму. Спачатку “брава” даслужыла звязка Рэкіш-Дзянісевіч (першы падае – другі галавой дасылая мяч у браму).
Затым Дзмітрый Кавалёнак, які змарнаваў перад гэтым пару добрых момантаў, зарабляе пенальці і Савіцкі б’е дакладна ў “дзявятку”.
Павал Савіцкі толькі што забіў пенальці і зрабіў лік 2-1
У другой палове “Днепр” спрабуе прыбраць ініцыятыву ў свае рукі, але сіл надоўга не хапае. Спачатку Рэкіш, а затым і Зубовіч ставяць кропку ў сустрэчы.
У гарадзенцаў становіцца 19 ачкоў і яны толькі на тры ачкі адстаюць ад запаветнага шостага месца, якое дазволіць увосень працягнуць барацьбу за медалі чэмпіянату.
28 чэрвеня. “Нёман” – “Днепр” 4-1 (Дзянісевіч, 38-я хв., Савіцкі, 45-я хв., з пенальці, Рэкіш 59-я хв., Зубовіч 79-я хв.; Гаўрушка, 17-я хв.)
Фота аўтара