“Кинемо” ў Гродне: Дождж не перашкодзіў “Марам Пафнуція” злятаць у космас

Экран, дарэчы, перавесілі на іншую сцяну, улічваючы досвед першага дня фэсту, калі “Раса Мечтателей” доўга не маглі пачаць, бо ў дворыку Музея гісторыі рэлігіі было ўсё яшчэ занадта светла. Пры тым і так пачатак зацягнуўся на паўгадзіны ад прызначанага часу.

Відаць, з-за дажджлівага надвор’я, людзей на другі дзень “Кинемо” сабрала менш. Большасць абачліва захапілі з сабой парасоны. Цягам усёй стужкі ў дворык, нягледзячы на дождж, прыбывалі новыя асобы – у асноўным тыя, хто сыходзіў з джазавага фестывалю ў Новым замку. Пазней яны перацякалі ў бліжэйшыя бары – шмат твараў, знаёмых па Grodno Jazz і “Кинемо”, мы пазней пабачылі ў цёплым падвале бара “Амігас”.

Гэтым разам паказвалі савецкі фантастычны фільм “Касмічны рэйс” 1935 года рэжысёра Васіля Жураўлёва пра меркаваны палёт на Месяц у 1946 годзе. Па сюжэце, акадэмік па прозвішчы Седых адпраўляецца на ракетаплане “Иосиф Сталин” на Месяц. У яго і ягоных паплечнікаў здараецца аварыйная сітуацыя, але ўсё сканчаецца добра і першыя савецкія касмічныя падарожнікі вяртаюцца на зямлю.

Музычнае суправаджэнне пасавала да стужкі выдатна і надало савецкай рэтрафантастыцы новых фарбаў. Павел Кузюковіч (ён жа Пафнуці Кузюкян) – былы ўдзельнік “Ляпіса Трубяцкога” – пад дажджом выціскаў гукі з вальторны, дзьмуў у велізарны альпійскі рог і нават брахаў у мікрафон нібы сабачка. Яго дапаўнялі бубны, клавішы і электроніка – у выніку музыка рабілася насамрэч касмічнай і выдатна пасавала да таго, што можна было ўбачыць на экране.

Цікавым момантам было тое, што да пачатку фільма арганізатары імпрэзы прадавалі імправізаваныя паштоўкі, з мэтай сабраць грошы на рэнтген для коціка, які зламаў лапку. Як аказалася, жывёлінку трэба везці ў Мінск, бо ў Гродне рэнтген робяць толькі людзям.

 

Здымкі Алены Кавальчук