Другі дзень Grodno Jazz 2014: фота і ўражанні “Твайго стылю”

Другі дзень фестывалю кароткім выступам адкрыў аркестр вайсковай часткі 5522 – гэта быў адзін з трох біг-бэндаў, якія выступалі ў гэты дзень на сцэне ля Новага замку.

Калі выпрабаваннем у першы дзень фэсту быў дождж, то ў другі – шалёны вецер, які спачатку раскідваў па сцэне ноты, з-за чаго музыкі былі вымушаныя карыстацца прышчэпкамі. Гэтак у клавішніка Barillaz Band Максіма Лоскутава (на фота вышэй) вецер ажно двойчы вырываў ноты. Але хутка надвор’е супакоілася, не было ані дажджу ані ветру, а тэмпература была дастаткова камфортнай, каб проста сядзець і слухаць.

Як і ў мінулым годзе, у перапынку паміж музыкамі выступала група сучаснай харэаграфіі “ТАД”

 

Другімі на сцэну выйшлі музыкі City Jazz Band, якія разам з гарадзенцам Пятром Клюевым выканалі некалькі песен з праграмы на вершы Генадзя Бураўкіна. Пётр ужо некалькі год стала жыве ў Мінску і знайшоў сваё месца ў сталічнай музычнай тусоўцы. Ён аказаўся таксама адным з найбольш “жывых” вакалістаў на фестывальнай сцэне і адзіным беларускамоўным.

Вершы для стварэння песен даў Пятру сам Бураўкін і так склалася, што гэтую праграму спявак, разам з City Jazz Band, прэзентаваў у Мінску за некалькі дзён да смерці паэта. Пры гэтым, Бураўкін выбраў неапублікаваныя раней старыя вершы, якія шмат год захоўваліся ў ягоным архіве. Такім чынам Клюеў разам з музыкамі стварыў ці не першую сапраўды фанкавую праграму з тэкстамі на беларускай мове.

 

Ці не кожную песеню прысвячаў класікам джаза Artjazz Band гарадзенца Ігара Гіро. Каманду ў свой час адзначыў вядомы музычны крытык Зміцер Падбярэзскі, пра што не забыўся ўзгадаць вядучы Ягор Чупракоў.

7 align=”” alt=”Гродно Джаз, Grodno Jazz 2014″ >

 

Польская вакалістка Малгажата Вырвіч выглядала на сцэне крыху разгубленай. Яна чамусьці пачала казаць пра транспамежнае супрацоўніцтва ў галіне турызму, нагадала пра карані літоўска-польскага супрацоўніцтва і сказала, што рух праз мяжу павінен быць спрошчаным. Як аказалася, спявачка прафесійна займаецца аргаэкатурызмам, таму і заклікала ехаць да яе ў госці ў польскую частку Белавежскай пушчы.

 

Малгажата выконвала джазавыя стандарты, вельмі часта з перакладзеным на польскую мову тэкстам. Гэтак, на фэсце адбылася прэм’ера яе перакладу адной з песен выдатнага джазавага піяніста Тэлоніуса Монка. Была сярод стандартаў і класіка польскага джазу – музыка да “Дзіця Розмары” Паланскага, напісаная выбітным кампазітарам Кшыштафам Камэдай.

 

Бліжэй канца выступу яна ўзгадала пра вайну, якая зараз ідзе ва Украіне, і заклікала памаліцца за тых, хто на ёй гіне. Дарэчы, гралі з Малгажатай выбітныя беларускія джазавыя музыкі: бубнач Аляксандр Сапега, басістка Людміла Крукоўская і клавішнік Максім Лоскутаў.

 

 

Аркестр мінскай міліцыі аказаўся ці не самым вясёлым калектывам у праграме фэсту. Сталічныя праваахоўнікі гралі аўтарскія пераапрацоўкі мелодыі з “Ну, погоди” і твораў Майкла Джэксана, а нават выступалі ў мексіканскіх самбрэра.

 

Найбольш з усяго аркестру гарадзенцам запамяталася хіба што прыгажуня Ганна Благава – прапаршчык міліцыі з надзвычай моцным вакалам. Пасля выступу аркестра сярод шэрагаў крэслаў ля сцэны чуліся размовы гарадзенцаў пра тое, што салістцы за моцны голас варта было б даць званне маёра.

 

Бліжэй канца фэсту да самой сцэны пад’ехаў Пежо на мінскіх нумарах – гэта спазнялася частка гурта Apple Tea з басістам Ігарам Сацэвічам. У хуткім часе найбольш зорная джазавая каманда Беларусі ўжо была на сцэне.

 

Музыкі зайгралі некалькі кампазіцый з новага альбома, які будзе называцца гэтаксама, як траса Мінск-Гродна – M6. “Гарадзенскую” назву новага альбома мясцовая публіка прыняла з удзячнасцю.

 

У канцы Apple Tea зайгралі таксама кампазіцыю “Два буслы” з альбома Bee Dance 2000 года. Гэты альбом знакавы ў творчасці гурта, ён яўна інспіраваны этнічнай музыкай.

 

Скончыўся джаз-фэст у Гродне выступам гаспадароў імпрэзы – аркестра Гарадзенскай абласной філармоніі.

 

5 align=”” alt=”Гродно Джаз, Grodno Jazz 2014″ >

6 align=”” alt=”Гродно Джаз, Grodno Jazz 2014″ >

 

Што тычаццы арганізацыі, дык паўтараюцца штогадовыя “ляпы”. Здаецца, ёсць кропка харчавання з дастатковым выбарам смачнага (асабліва ў параўнанні з мінулым годам, калі да піва былі толькі чыпсы і сухарыкі), але піва толькі адно – Жыгулёўскае, разліў якога вядзецца не з кегаў, а з двухлітровых бутэлек. Паколькі ля намёта ўвесь час была вялікая чарга, нараджаецца пытанне – а чаму нельга было паставіць больш намётаў? Гэтаксама не цешыла зусім маленькая колькасць столікаў – добра, калі іх быў дзясятак. Вядома, іх у самым пачатку занялі і месца потым ніхто не саступаў.

 

Не хапала таксама дадатковых атракцый – на фэсце можна было толькі слухаць джаз, хаця вольнае месца дазваляла б пры жаданні арганізаваць якія-небудзь яшчэ актыўнасці. Складаецца ўражанне, што ці не адзіны ў Беларусі джаз-фэст робіцца кімсьці “для галачкі”. Цешыць, канешне, што ў праграме сапраўды знакавыя і лепшыя музыкі краіны, але і яны часта паўтараюцца з года ў год. Мо арганізатарам трэба задумацца, ці не варта да наступнага юбілейнага фэсту пераасэнсаваць крыху канцэпцыю, магчыма, пашырыўшы стылістычныя ды іншыя межы імпрэзы?


 

Здымкі Паўла Бальшакова і Алена Кавальчук