Прафесар Астроўскі: Яшчэ летась мяне прымушалі напісаць заяву за інтэрвію незалежнаму сайту

34 гады працы ва ўніверсітэце, 20 з іх — на пасадзе прафесара, і раптам “не прайшоў конкурс на замяшчэнне пасады прафесара”. Гэта такі цяжкі конкурс, ці існуюць нейкія іншыя прычыны?

 

Конкурс на маю пасаду — прафесар медыцынскай біялогіі і генэтыкі — абвяшчаецца раз на пяць гадоў. Звычайна гэта фармальная працэдура, калі да чалавека няма прэтэнзій. А да мяне па працы не было ніякіх прэтэнзій. Акрамя таго, перад паседжаннем вучонага савету ўніверсітэта адбылося галасаванне на кафедры — усе за мяне прагаласавалі. Да ўсяго, ніхто іншы, акрамя мяне, на гэтую пасаду не прэтэндаваў. І таму я падазраю, што прычына крыецца ў маёй грамадскай дзейнасці.

 

Што вы маеце на ўвазе?

 

Летась у кастрычніку я даў інтэрвію “Беларускаму партызану”, у якім у пэўнай ступені пакрытыкаваў улады. Пасля гэтага інтэрвію мяне выклікаў рэктар, спадар Сняжыцкі, і запатрабаваў напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Я адмовіўся і пакінуў ягоны кабінет.

 

А цяпер, звальняючы — усё ж 34 гады аддадзена ўніверсітэту, — нехта хоць падзякаваў за працу, паціснулі руку?

 

Мяне таксама гэта ўсё здзівіла, бо ўсё ж 34 гады я выкладаў ва ўніверсітэце, а да гэтага яшчэ 6 гадоў тут адвучыўся. Ну і што? Тэлефануе мне сакратарка з аддзелу кадраў, прычым нейкая новая, і праз тэлефон кажа некалькі фраз: вы не прайшлі па конкурсе і звольнены, і прыйдзіце і забярыце працоўную кніжку. На гэтым усё. Як кажуць, гэта стыль нашага кіраўніцтва, і ён сведчыць і пра агульны ўзровень культуры, і пра сітуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся з такім вось кіраўніцтвам.

 

А як да гэтага паставіліся вашы калегі?

 

Былі спробы маіх калег збіраць подпісы пад зваротам, але я параіў ім гэтага не рабіць, каб не падстаўляцца.

 

Як ужо падлічылі журналісты, вы восьмы выкладчык ВНУ, якога звальняюць у Горадні. Гэта нейкая тэндэнцыя ці нешта іншае?

 

Мала таго, звольненых выкладчыкаў я ведаю як самых прыстойных, годных, як самых цікавых і глыбокіх, як самых сумленных і шчырых. І тое, што зрабілі і са мной, — гэта частка нейкай сістэмы, нейкага спісу выключэння выкладчыкаў патрыятычна настроеных, якія не адпавядаюць інтарэсам гэтай сістэмы, у якой зусім іншыя задачы. Цікава, ці не робяць гэта спецслужбы Расійскай імперыі, каб падрыхтаваць глебу для будучай анэксіі? Бо гэта цалкам нагадвае тэхналогію падрыхтоўкі краіны да будучай анэксіі.

 

Сістэма не шкадуе не толькі тых, хто хоча гаварыць і рабіць так, як думае. Ад гэтага церпяць і малыя дзеткі — у вас іх трое…

 

Наймалодшы пойдзе толькі ў першы клас — Васілёк. Ну, не думаюць яны пра гэта, але я нават і не хачу ўжо ўзгадваць, не людская гэта сістэма, што зробіш. Усе гэтыя размовы, што за тры гады да пенсіі не звальняюць… Мяне звольнілі за два з паловай гады. Што выкладчыкі, якія адпрацавалі 30 гадоў, маюць права пайсці на датэрміновую пенсію — чуткі. Дапамога сацыяльная на біржы працы складае 300 000 рублёў. Па сённяшнім курсе гэта меней за долар у дзень на маю сям’ю, я яе, відаць, браць не буду. А ў мяне сям’я шматдзетная, і ўсе трое дзетак малыя.

 

Алесь, вы адзіны выкладчык у медуніверсітэце, хто чытаў лекцыі па-беларуску. Як лічыце — гэта пакінула нейкі след у душах вашых студэнтаў?

 

Акрамя лекцый, у мяне і семінары на беларускай мове праводзіліся, метадычкі, дысертацыю я абараніў па-беларуску. Мова ніколі не перашкаджала. Калі я пачынаў чытаць лекцыі, то тлумачыў, якая мова павінна быць на беларускай зямлі, тлумачыў, што гэта не бытавая праблема, а праблема лёсу народа. І студэнты гэта ўсё разумеюць, ніводнага разу не было ніякіх праблем. Акрамя таго, да нас у групу прасіліся займацца студэнты з арабскіх краін, азіяцкіх. Яны стараліся з усіх сіл, і з іх боку не было ніякіх прэтэнзій, бо яны ведалі, што так і павінна быць.

 

Пра што б мы ні гаварылі, але 34 гады жыцця выкладчыка раптам перапыненыя, трэба жыць нечым іншым. А як?

 

Я калі паступаў на працу ў медыцынскі ўніверсітэт, найвялікшай каштоўнасцю для мяне была магчымасць займацца навукай. Навука — гэта мая любоў і мая мара і надалей. А з гадамі, калі назапасіўся вопыт, то сваю працу я пачаў успрымаць як місію. Праўда, у мяне заўсёды былі і мары, і, магчыма, цяпер для іх адкрыўся шанец. І я спрабую падтрымліваць у сабе гэты агеньчык, што раптам гэта мой шанец на новае жыццё.

 

Я бачу, вы забралі з універсітэта нейкіх рыбак — гэта проста ваша хобі ці ўсё ж любоў, якую вы называеце навукай?

 

Ну вось тое, што я атрымаў на кафедры шмат рыбак, — гэта адзін з праектаў распрацоўкі мадэлі, якая б дазваляла ацэньваць аб’ектыўную якасць вады. Якасць вады — гэта вялікая праблема ў наш час. А я, да прыкладу, правёўшы даследаванні, буду ведаць, з якога крана лепей браць ваду ці з якой крыніцы. Ну, гэта толькі адзін з праектаў…

 

І ўсё ж, чым збіраецеся заняцца ўжо бліжэйшым часам?

 

Натуральна, шукаць працы, бо першае пытанне — патрэбныя грошы, каб жыць. А калі з’явяцца нейкія варыянты прапаноў, то пачну выбіраць.