Гарадзенцы пра сярэднюю зарплату: “Калі рабочы атрымлівае 4 мільёны, а начальнік у 10 разоў болей, то ў сярэднім нядрэнна выглядае…”

Паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак на Гарадзеншчыне ў галінах эканомікі сёлета павысіўся на 20% і складае 5 мільёнаў 858 тысяч рублёў. Афіцыйныя СМІ сцвярджаюць, што сярод абласных цэнтраў Гродна займае другі радок па ўзроўні заробкаў пасля Мінска — і гэта, маўляў, не мяжа, бо па выніках году заробак у Гродне павінен сягнуць шасці з паловай мільёнаў.

 

Тым не менш на гарадзенскіх вуліцах мінакі на падобныя лічбы рэагуюць пераважна з недаверам, некаторыя ўспрымаюць іх як жарт. Спадарыня Святлана, педагог-псіхолаг у адной з гарадзенскіх школ, апавядае, што да сярэдняга заробку ў іх не дацягваюць нават тыя педагогі, у каго найбольшы стаж і хто працуе на паўтары стаўкі:

 

“У мяне тры мільёны складае заробак. Наогул, аклад у педагога-псіхолага — два мільёны. А там ідуць надбаўкі, матэрыяльная дапамога, за дадатковыя нагрузкі, і выходзіць тры мільёны”.

 

Не прамінула спадарыня Святлана падзяліцца і тым, як ёй жывецца за такія грошы:

 

“Жывём на заробак мужа, бо мой цалкам ідзе на тое, каб заплаціць за кватэру, камунальныя паслугі, тэлефон, інтэрнэт. Муж працуе зваршчыкам, праца цяжкая, заробак амаль дацягвае да сярэдняга. Але жывем па сродках, даволі ашчадна”.

 

Працаўніца гандлю спадарыня Валянціна кажа, што яе заробак — тры з паловай мільёны. Дадае, што і сярод усіх сваіх знаёмых нікога не ведае, хто б меў той сярэднестатыстычны заробак. Як і шмат хто са знаёмых, мусіць дарабляць, каб пражыць: ездзіць у Польшчу па танныя харчы, палоць бульбу ў вёсцы і г.д.:

 

“Я лічу, што гэтыя звесткі — падман. Трэба перастаць падманваць людзей. Па-другое, беларусам даўно пара над гэтым усім задумацца і не баяцца пратэставаць, зразумела, там, дзе гэта патрэбна. А мы пад страхам баімся, хоць і ведаем, што нас падманваюць. А не трэба маўчаць”.

 

Спадар Аляксандр толькі паўсміхаўся, пачуўшы лічбу сярэдняга заробку. Кажа, што на сілікатным заводзе ў іх такога няма:

 

“На сілікатным, як я ведаю, ад двух да чатырох мільёнаў. У каго стаж большы, то надбаўкі. А так, як новы чалавек прыйшоў, то да трох мільёнаў. Можа, у начальства высокія заробкі, невядома. Яны, можа, і ў 10 разоў болей зарабляюць, але гэта ёсць таямніца за сямю замкамі…”

 

Спадар Аляксей — звычайны будаўнік на прадпрыемстве “Гроднапрамбуд”. Кажа, што ў Гродне і пяці мільёнаў не атрымліваў, але цяпер ездзіць вахтавым метадам на будоўлю Астравецкай АЭС і там ужо зарабляе звыш сямі мільёнаў:

 

“Можна было б трохі болей за гэта плаціць, бо там даволі цяжкая праца. Мы працуем па 12 гадзін, прычым 15 дзён запар працуем, а пасля 15 адпачываем. Хто хоча зарабляць, то імкнуцца туды трапіць. У Гродне цяпер заробкаў няма, мы практычна нічога тут не будуем”.

 

Спадар Пётра працуе ў арганізацыі “Дарводаканал”, якая належыць Беларускай чыгунцы. Яго заробак — каля трох мільёнаў. Кажа, што адзіны шанец зарабляць добрыя грошы — прабівацца ў начальства:

 

“Калі начальнік атрымлівае пад 100 тысяч, а рабочы толькі чатыры, то вось вам і статыстыка”.

 

Спадар Ігар — індывідуальны прадпрымальнік, займаецца аптовым гандлем. Зарабляе болей, чым сярэдні заробак у Гродне, але лічыць, што структура эканомікі ў нашай дзяржаве патрабуе карэнных зменаў. Афіцыйная статыстыка, паводле яго, не адлюстроўвае як мае быць узроўню жыцця ўсяго народа.

 

“Нават калі я размаўляю з людзьмі, якія працуюць у Мінску, то і там не атрымліваюць такіх заробкаў. Я маю на ўвазе сферу дзяржаўных прадпрыемстваў, бюджэтнікаў. Іншая справа — у сферы IT-тэхналогій, у банкаўскай і страхавой сістэме — там зарабляюць і болей. А вось на МАЗе, іншых прадпрыемствах людзі атрымліваюць голыя аклады: 3–4 мільёны. Склады перапоўненыя, сабекошт прадукцыі высокі, няма попыту на знешніх рынках”.

 

Здымак onliner.by