“Нёман”: першы блін сабаку

, |

У стартавыя хвіліны сустрэчы ў Гродне “Нёман” паспрабаваў паказаць, хто ў хаце гаспадар.

 

Футбалісты шмат атакавалі і ўжо на 7-й хвіліне Павал Савіцкі пасля выдатнага паса Лягчыліна мог альбо вывесці сам на сам з чужым брамнікам Зубовіча альбо прабіць сам. Павал абраў другі варыянт, але прабіў наздвычай слаба.

 

Затым гульня супакоілася і госці ўсё часцей пераходзілі на палову “Нёмана”. Праўда, без асаблівай вастрыні.

 

Хлопцы Сяргея Саладоўнікава таксама да канца тайма нічым, акрамя двух жоўтых картак (Савіцкі і Лягчылін) не вызначыліся.

 

А затым паўтарыўся характэрны для апошніх гульняў “Нёмана” сіндром пачатку другога тайма. Гэтым разам, праўда, у бок брамы гарадзенцаў быў прызначаны не пенальці, а небяспечны штрафны ўдар. Эмільсан біў амаль без разбегу і, узяўшы ў хаўруснікі штангу, адкрыў лік у сустрэчы. Ішла 55-я хв. сустрэчы.

 

Толькі пасля гэтага “Нёман” зноў паляцеў у атаку. Спачатку – без асаблівага поспеху. Але на 65-й хв. Дзянісевіч робіць пас у штрафную і гулец “Хабнаф’ёрдура” збівае Савіцкага. Хендрыкс атрымлівае чырвоную картку, а Савіцкі на 65-й хв. забівае пенальці!

 

Праз пару хвілін госці зноў маглі выйсці наперад, але Эмільсан выбегшы сам на сам з Рапалісам прайграў дуэль брамніку. Праз 10 хв. карцінка паўтарылася: зноў памыліліся гарадзенскія абаронцы і Эмільсан зноў выходзіў амаль сам на сам з нашым брамнікам, але маладому нападніку гасцей зноў не пашанцавала.

 

У гарадзенцаў пасля розыгрышаў кутніх маглі вызначыцца Савіцкі і Рыбак, але і ім не хапіла трапнасці.

 

У выніку нічыя 1-1, якая пакідае ісландцам крыху больш шансаў на перамогу па суме двух сустрэч: на сваім полі ім можна згуляць нават з лікам 0-0. А вось “Нёману” трэба будзе зноў гуляць “першым нумарам”, што ў нашай каманды сёлета не надта атрымліваецца.

 

Сустрэча ў адказ пройдзе ў Хабнарф’ёрдуры 24 ліпеня. 

 

17 ліпеня. “Нёман” – “Хабнарф’ёрдур” 1-1