Адкрываем Балтыку: частка 1. Швянтоі

|

Швянтоі (Šventoji). На гэтае месца нас “навялі” менскія знаёмыя, адзначыўшы, што менавіта яму, а не суседняй Паланзе, аддаюць перавагу многія літоўцы (асабліва сямейныя людзі). 

 

У даваенныя часы мястэчка Швянтоі некаторы час было марскімі варотамі незалежнай Літоўскай Рэспублікі. Аднак з вяртаннем Клайпеды пасля Другой сусветнай вайны ў склад Літвы места згубіла сваё прамысловае значэнне і ператварылася спачатку ў невялікі рыбацкі гарадок, а з часам – і ў курортную зону.

Касцёл у Швянтоі ўражвае сваёй арыгінальнасцю 

Шырокія пясчаныя пляжы і чыстае мора хутка прывабілі сюды аматараў спакойнага адпачынку ў атачэнні прыроды. 

 

Ці гэта сапраўды так? Як даехаць і дзе знайсці жытло ў Швянтоі? Што абавязкова трэба з’есці? Адказ на гэтыя пытанні шукалі карэспандэнты “Твайго стылю”, якія вырашылі пачаць даследаванне Балтыйскага ўзбярэжжа Літвы менавіта з гэтага мястэчка.

 

У добры шлях!


Выбіраемся з Гродна а 17-й гадзіне. Разлік на тое, што на мяжы ў Прывалцы ў такі час не павінна быць шмат машын, спраўджваецца – на “зялёным канале” пуста, ды і на “чырвоным” – таксама ўсяго чатыры-пяць аўтамабіляў.

 

Пераязджаем беларускую мяжу за 15 хв., а вось на літоўскай стаім гадзіну, бо літоўскія памежнікі найперш абслугоўваюць машыны з еўразвязаўскімі нумарамі. Нарэшце, мінаем і гэты бар’ер і пачынаем рух у бок Балтыкі!

 

Без заезду ў Друскенікі едзем у бок Алітуса, праз гадзіну выязджаем на трасу Вільня-Клайпеда. Дарога вельмі добрая і хуткасная, можна трымаць 120 км. на гадзіну.

 

На ўзбочыне – шмат кавярняў і матэляў. У адным з іх начуем, каб ранкам зноў рушыць у дарогу.

 

Не даехаўшы крыху да Клайпеды, збочваем у бок Крэцінгі. Гэта самы блізкі шлях да Палангі і Швянтоі (мястэчка, дарэчы, даўно ўжо лічыцца часткай Палангі, хоць знаходзіцца на адлегласці 10 км. ад яе). 

 

Але ў 3-х км. ад Палангі нас чакае неспядзянка: уезд у горад перакрыты з-за аўтараллі “Гонка на 1000 км.”

 

Даводзіцца збочваць і ехаць з дзесятак вёрстаў па пясчанай дарозе, з якой трапляем акурат…на дарогу ў Швянтоі. Мінаем аэрапорт Палангі (так-так, ёсць і такі, і самалёты там сядаюць і ўзлятаюць – самі бачылі) і мы на месцы. Разам дарога склала крыху больш за 400 км.

 

Катэдж, кватэра, кэмпінг, гатэль


Тыя, хто быў у Крыме, ведаюць, што на пад’ездах да курортаў проста на дарогах сядзяць людзі, якія прапануюць свае паслугі па пошуку жылля. Ёсць такія (хоць і няшмат) і перад Палангай і Швянтоі. 

 

Прапануюць любыя варыянты: ад сціплага пакойчыка да элітнага катэджу. У другой палове ліпеня, праўда, большасць месцаў ужо занятыя – на Балтыцы самы сезон! Асабліва калі некалькі дзён запар трымаецца сонечнае надвор’е. Найцяжэй знайсці жыллё з чацьвяргу да суботы – многія літоўцы выбіраюцца не на доўгі адпачынак, а на выходныя.

 

Кошты таксама розныя: ад 80 да 250 літаў. Пры гэтым самыя танныя варыянты – пакоі ў кватэрах і баракі ў курортнай зоне, якія засталіся з савецкіх часоў, у сезон амаць цалкам занятыя.

Жыць у Швянтоі можна тут…

альбо тут…

…альбо вось тут!

У “несезонным” чэрвені шыкоўны пакой з усімі выгодамі на самым беразе мора ў Паланзе каштаваў 120 літаў! Цяпер  – усе 250. Гэтак званы “караван” – домік на колах з усімі выгодамі ўсярэдзіне абыйдзецца ў “сезон” у 150 літаў.

 

Знаходзім “сярэдні” па коштах варыянт на тры начы і рушым у горад на абед.

 

Што можна (і трэба) з’есці


Аказалася, што мы засяліліся далёка (каля 1,5 км.) ад цэнтра. Першыя дваццаць хвілінаў дарогі пасеялі трывогу: па дарозе не праглядалася аніякіх крамаў і кавярняў! 

 

Але рушым далей па падказаным добрым мінаком шляху і апынаемся ў сэрцы курортнай зоны Швянтоі. Кавярні, крамкі, сувенірныя лаўкі, атракцыёны – усё, як у Крыме ці Балгарыі, толькі вакол – больш чыста і спакойна.

 

Заходзім на абед у адну з кавярняў, бярэм традыцыйныя літоўскія стравы – жамойцкія бліны (падобныя на вялікія клёцкі з мясам, але не блытаць з цапелінамі!), гарох са свінымі вушкамі, хлеб з сырам, шчаўе, сок, “Шветурыс Мемельбрау” (піва, каштуе 5 літаў). За ўсе прысмакі выйшла 40 літаў.

 

Напэўна, можна было знайсці і больш танныя варыянты, але доўгая дарога не натхняла на доўгія пошукі:). На наступны дзень у сталоўцы за прыкладна такую ж колькасць ежы заплацілі ўдвая менш.

 

Што абавязкова трэба спрабаваць у Швянтоі – гэта вэнджаную рыбу!

Уюн – самая смачная і самая дарагая рыба, якую прапануюць у Швянтоі


Яе вяндзяць і прадаюць на галоўных турыстычных сцежках і вуліцах мястэчка. Вялікі і вельмі смачны лешч абыйшоўся нам у 12 літаў. Можна набыць таксама сама, скумбрыю, натаценію, кальмараў, карпа, нейкіх яшчэ дзіўных рыбаў, назвы якіх з літоўскай мовы мы так і не пераклалі. 

 

Мясцовыя жыхары таксама прапануюць падсілкавацца на пляжы.

 

– “Каршта жарос! Карштай чэбурэкай! Кепта дуона!” (гарачая кукуруза, гарачыя чабурэкі, смажаны хлеб) – нараспеў нахвальваюць свой тавар дзяўчаты, якія ад ранку да вечару абходзяць натоўпы турыстаў. 

 

Разынкі Швянтоі

 

Найперш гэта шырокія пясчаныя пляжы, якія цягнуцца да самай латышскай мяжы (у некалькіх кіламетрах ад мястэчка калісці быў памежны пераход), а яшчэ  – падвясны мост над ракой Швянтоі, якая ўпадае тут у Балтыку.

 

Многія турысты, дарэчы, аддаюць перавагу купанню і загаранню менавіта на рацэ: тут і вада цяплейшая і ад прахалоднага ветра, які амаль увесь час дзьме з мора, можна схавацца за дзюнамі.

Таму ўздоўж берагоў Швянтоі насыпана летніх домікаў, а на рацэ процьма лодак ды катамаранаў.

 

Для тых, хто аддае перавагу адпачынку на самым беразе мора, на пляжы створана некалькі спецыяльных зонаў. Напрыклад, асобная для жанчын, дзе яны могуць адпачываць голымі.

Паміж жаночым і “агульным” пляжам – невялікая неафіцыйная зона для нудыстаў.

 

Рускую мову чуем нячаста – у асноўным тут адпачываюць літоўцы са сваімі сем’ямі. Маладыя афіцыянты ды прадаўцы ў адрозненні ад Вільні і нават Палангі часта не разумеюць добра па-руску.

 

Зусім побач са Швянтоі – прыватны японскі сад, наведаць які можна за 15 літаў, створаны мясцовым доктарам-энтузіястам і яго сям’ёй. Дабірацца да яго нам давядзецца па разбітай гравійцы.

Сам сад пасля наведвання перад гэтым японскага саду ва Ўроцлаве таксама не робіць на нас вялікага ўражання.

Відаць, што праект толькі разбудоўваецца літаральна ў чыстым полі, далёка ад “цывілізацыі”.

 

Ад Швянтоі зусім блізка да куды больш шумнай Палангі і Клайпеды з яе портам ды супермаркетамі. Рукой падаць таксама да латвійскай Ліепаі.

 

Паўсюль можна дабрацца на грамадскім транспарце, аўтамабілі альбо ровары.

 

За пяць дзён знаходжання ў Швянтоі мы зышліся на наступных высновах:

 

– адпачынак тут выгодны з пункту гледжання блізкай адлегласці ад Гродна і адсутнасці патрэбы арганізма ў акліматызацыі, што звычайна здараецца, калі трапляеш на адпачынак у краіны з гарачым кліматам;

 

– спакой, чыстае паветра з водарам сасны і мора, шыкоўныя пляжы, смачная мясцовая ежа – гэта бясспрэчныя плюсы Швянтоі;

 

– прахладная вада і такі ж прахладны вецер з боку мора, нестабільнае надвор’е, досыць дарагое жыллё у “сезон” – гэта тое, што не спадабаецца аматарам паляжаць на пляжы ды ўдосталь паплаваць у моры.

 

Наш калькулятар

 

Дарога на аўтамабілі да Швянтоі і назад у Гродна абыйдзецца прыкладна ў 100 даляраў (зыходзім з таго, што ў адзін бок заправілі 40 літраў у Беларусі, а на зваротны шлях давядзецца дазаправіцца ў Літве).

 

Прыстойны начлег (пакой на 2 асобы) у ліпені-жніўні будзе каштаваць у сярэднім каля 40 даляраў. Таму тыдзень  вам абыйдзецца ў 280 даляраў.

 

На ежу ў дзень таксама трэба аддаць каля 30 даляраў на дваіх. У тыдзень – 210.

 

Такім чынам, за тыдзень на дваіх на самыя базавыя патрэбы трэба планаваць не менш за 670 даляраў.