Ахвяры “Малой Катыні” пахаваныя ў Калетах?

|

Летам 1945 г. супрацоўнікі НКВД з дапамогай савецкіх і польскіх вайсковых частак затрымалі ў ваколіцах Аўгустова і Сувалак каля 2 тыс. чалавек, якіх падазравалі ў сувязях з антысавецкім падполлем.

 

Частку затрыманых пасля допытаў і катаванняў выпусцілі на волю. Каля 600 чалавек, аднак, вывезлі ў невядомым кірунку. Сярод гэтых людзей было як мінімум 27 жанчын і 15 чалавек ва ўзросце да 18 год.

 

Дзе гэтыя людзі былі забітыя і пахаваныя – дагэтуль дакладна не вядома. Польскія гісторыкі называюць часта Аўгустоўскую аблаву “Малой Катынню”.

 

Паводле расійскага даследчыка, аперацыю па ліквідацыі людзей ажыццяўлялі байцы батальёну СМЕРШ. Кіравалі аперацыяй генерал-палкоўнік Віктар Абакумаў, генерал-маёр Іван Гаргонаў і кіраўнік контрразведкі 3-га Беларускага фронта Павал Зяленін.

 

Вядома, што людзей вывозілі з фільтрацыйнага цэнтра ў Гродне грузавікамі, якія вярталіся назад пустымі праз 1-2 гадзіны.

 

Раз’езджаную грузавікамі дарогу сведкі бачылі ў раёне Калет, што і дазволіла гісторыку вылучыць версію, што менавіта ў ваколіцах гэтай вёскі без суда і следства былі растраляныя затрыманыя ў час Аўгустоўскай аблавы людзі.

Дакументальнага падцверджання гэтай версіі, аднак, да гэтай пары няма.

 

Полькая даследчыца Данута Кашлей (Danuta Kaszlej), якая даўно займаецца вывучэннем гэтага пытання, дапускае, што людзей маглі проста перавозіць з Гродна ў іншы лагер для арыштаваных, адкуль яны і былі адпраўленыя далей на расстрэл.

 

У якасці магчымага месца расстрэлу ахвяраў аблавы даследчыкі з Польскага Інстытуту Нацыянальнай Памяці (IPN) называюць таксама гарадзенскія фарты.

 

Фота Wojciech Olkuśnik, Agencja