Кожнае трэцяе злачынства ў Гродзенскай вобласці здзяйсняецца пад уплывам алкаголю
У студзені-ліпені ў Гродзенскай вобласці 33,1% злачынстваў здзейснена на фоне ўжывання спіртных напояў. Пад уплывам алкаголю грамадзяне здзейснілі амаль 890 злачынстваў па лініі угалоўнага вышуку.
Перш за ўсё, алкаголь стаў прычынай сямейна-бытавых канфліктаў. Так, за 7 месяцаў здзейснена 32 злачынства з цяжкімі наступствамі, у якіх вінаватымі і ахвярамі былі сваякі (на 4 больш, чым у мінулым годзе). У сямейна-бытавой сферы здзяйсняецца практычна кожнае 4-е забойства, падкрэсліў Вадзім Сіняўскі, і, як правіла, трагедыі папярэднічае распіццё спіртнога.
На думку начальніка абласнога УУС, на распаўсюд п’янства ўплываюць і ўстоі ў асобных слаях насельніцтва, і даступнасць алкагольных напояў па цане і месцы набыцця, і іншыя фактары. Таму прафілактычная праца вядзецца па розных напрамках.
За распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах да адміністрацыйнай адказнасці з пачатку года прыцягнута амаль 20 тыс. чалавек. У ЛПП накіравана 347 асоб, якія злоўжывалі спіртнымі напоямі і парушалі грамадскі парадак (за такі ж перыяд мінулага года – 316).
З мэтай нармалізацыі крымінагеннай абстаноўкі абмежаваны час працы гандлёвых аб’ектаў у Гродне, Лідзе і Слоніме з 9.00 да 23.00, а ў астатняй мясцовасці – з 9.00 да 22.00. Акрамя таго, на перыяд уборачнай кампаніі з 15 ліпеня па 15 жніўня ўведзена абмежаванне на продаж спіртнога ў сельскай мясцовасці.
У вобласці ў бягучым годзе таксама павялічылася колькасць выяўленай незаконнай алкагольнай прадукцыі, паведаміў Вадзім Сіняўскі. У органы ўнутраных спраў паступіла 234 паведамленні аб яе абароце (180 – у мінулым годзе). З іх дапамогай праваахоўнікам удалося канфіскаваць больш за 10 тыс. л. самагону і амаль 9 тыс. л. фальсіфікаваных спіртных напояў, знішчыць 249 самагонных апаратаў.
За сем месяцаў у Гродзенскай вобласці 108 грамадзян памерлі ад атручвання алкаголем, з іх 89 былі ў працаздольным узросце (за такі ж перыяд мінулага года ад алкагольнага атручвання памерлі 112 чалавек).