Новы старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой — карыстальнік сацыяльных сетак

Нагадаем, у пачатку года папярэдняга старшыню гарвыканкама Андрэя Худыка забралі ў Мінск намеснікам у Кіраўніцтва справаў прэзідэнта.

 

Новым “мэрам” Гродна стаў Мечыслаў Браніслававіч Гой, які да гэтага амаль дзесяць гадоў кіраваў Смаргонскім райвыканкамам.

 

Мечыславу Гою 51 год. Ён родам з вёскі Шловенцы Воранаўскага раёна (знаходзіцца на мяжы з Літвой). Для беларускага чыноўніка ён надзвычай добра прадстаўлены ў сацыяльных сетках. Напрыклад, мае сваю старонку Укантакце. Праўда, у яго там толькі 12 сяброў і 4 падпісчыкі, але старонка не закінутая. Час ад часу прадстаўнік вертыкалі яе наведвае. Вось скрын-шот ягонай старонкі.

Ён скончыў БДАТУ, аграмеханічны факультэт (1989), а таксама Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2004). У анкеце Укантакце пазначана канфесія “каталіцызм”. Падпісаны спадар Гой усяго на дзве суполкі Сморгонь.org і Новости Витебска и области TUT.

 

Таксама ён мае старонку ў сацыяльнай сетцы пошты mail.ru “Мой мір”. Жанаты, мае трох сыноў.

 

Смаргонскі раён — адзін з перадавых у Гродзенскай вобласці. На яго тэрыторыі знаходзяцца моцныя СПК “Солы” і “Жодзішкі”. А таксама 18 прамысловых прадпрыемстваў. У 2009 у Смаргоні праходзіў Дзень беларускай пісьменнасці.

 

Гой напісаў уступнае слова да кнігі “Смаргоншчына літаратурная”, дзе ў тым ліку добра адгукнуўся пра такіх ураджэнцаў краю як паэт Францішак Багушэвіч, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, мовазнаўца Янка Станкевіч, ксёндз Адам Станкевіч.