Літоўскія Кейданы: “малыя, ды вялікія”
Гэта – адзін з найстарэйшых гарадоў краіны, у якім часткова захавалася гістарычная забудова. Згодна з сярэднявечным летапісам, горад быў закладзены ў 1387 годзе.
Доўгі час Кейданы былі вотчынай князёў Радзівілаў. У ХVII стагоддзі тут развіваліся розныя рамёствы: ткацкае, шавецкае і іншыя. У 1650 Радзівілы пабудавалі папяровую фабрыку і друкарню, у якой друкаваліся літоўскія рэлігійныя кнігі.
Дзякуючы Радзівілам Кейданы сталі адным з цэнтраў рэфармацыі ў каталіцкай Літве. У XVI стагоддзі тут існавалі рэфармацкая, лютэранская і арыянская абшчыны. Разам з больш традыцыйнымі ў ВКЛ каталіцкай, праваслаўнай і яўрэйскай супольнасцямі, гэта складала шэсць розных рэлігійных канфесій у адным горадзе. Развіццё Кейданаў прыцягвала ў яго і мігрантаў – у горадзе існавалі абшчыны немцаў і шатландцаў. Шматнацыянальнасць насельніцтва адзначаецца і сёння.
У склепе Кейданскага рэфармацкага сабора ў свінцовай труне спачывае Януш Радзівіл і нашчадкі яго роду.
Акрамя багатай гісторыі Кейданы прыцягваюць турыстаў сваімі сучаснымі арт-аб’ектамі.
У вобразнай мастацкай форме захаваная ўся гісторыя гарадка і яго жыхароў – літоўцаў, палякаў, габрэяў, беларусаў, шатландцаў і іншых. Кожнае “акно” прысвечана свайму гістарычнаму эпізоду.
Сучасныя Кейданы знакамітыя дзякуючы… агуркам. Агурочную справу ў Кейданах пачалі развіваць яшчэ мясцовыя габрэі ў XIX стагоддзі. Цяпер мясцовыя жыхары з сумнай усмешкай адзначаюць, што горад квітнее дзякуючы не толькі сельскай гаспадарцы, але і хімічнаму заводу.
Сёння ў горадзе жыве ўсяго 25 тысяч чалавек – тое, што засталося пасля эміграцыі насельніцтва ў іншыя краіны ЕС.