Гродзенскія фатографы плануюць стварыць зборны партрэт гораду

Галоўная ідэя – зрабіць партрэт не кожнага паасобку, а менавіта партрэт грамадства ў цэлым, кажа ініцыятар праекта, фатограф Руслан Хілімончык. “Мы хочам зрабіць каля тысячы фатаграфій і такім чынам паказаць, хто такія гродзенцы. У свеце гэта ўжо не новы падыход, але ў Гродне такога яшчэ не рабілі”, – тлумачыць Руслан. Праект ён рэалізуе не адзін, а разам з фатографамі Андрэем Алёшыным і Максімам Шырковым.

“Гэта адныя з самых цікавых маладых фатографаў у горадзе, у іх ёсць свой стыль, і гэты праект яны сур’ёзна ўзбагацілі. Нягледзячы на прастату, ёсць нюансы, якія могуць зрабіць з простага партрэта вельмі добры партрэт”, – удаецца ў дэталі Руслан.

 

Здымкі будуць праходзіць з 22 па 27 верасня ў галерэі “У Майстра”, з 14.00 да 19.00 у буднія дні і з 14.00 да 16.00 у суботу. З 10 па 23 кастрычніка ўжо гатовы праект будзе выстаўлены там жа.

 

Аўтар папярэджвае, што выбарка гродзенцаў, якая трапіць у праект, не будзе з навуковай дакладнасцю адлюстроўваць ўсіх гараджан – гэта будуць актыўныя людзі, якім не лянота прыйсці і прыняць удзел. Ніякага адбору праводзіцца не будзе – на выніковую выставу трапяць усе, хто прыйдзе. Заяўленая тысяча здымкаў – гэта ўмоўная лічба: удзельнікаў можа быць як 500, так і 1200. Праўда, калі жадаючых будзе занадта шмат, то апошнія могуць проста не змясціцца на сценах галерэі.

 

Ідэя праекта з’явілася ў Руслана яшчэ два гады таму, але да рэалізацыі ён падышоў толькі цяпер, разам з калегамі. “Праект вельмі працаёмкі”, – тлумачыць Руслан. Раней, у 2001 і 2006 гадах, у яго ўжо былі дзве выставы, якія паказваюць у нейкім сэнсе “дух горада” – яны былі прысвечаны гродзенскай моладзі. Але настолькі канцэптуальнага праекта, звязанага менавіта з партрэтам, да таго ж рэалізаванага ў камандзе, у яго яшчэ не было.

 

Ці атрымаецца праект – залежыць у першую чаргу ад гродзенцаў, а не ад фатографа, лічыць Руслан. І запрашае ўсіх прысвяціць літаральна хвіліну на тое, каб стаць часткай “Гарадзенцаў”.