Быкаў праславіў Горадню, Горадня ў адказ маўчыць
Сярод удзельнікаў быкаўскіх чытанняў — выкладчыкі, краязнаўцы, пісьменнікі, усе, каму было што сказаць пра творчасць Быкава альбо хто быў з ім асабіста знаёмы. З Беластоку прыехалі пісьменніца Міра Лукша і адзін з найстарэйшых беларускіх літаратараў Віктар Швед, які быў знаёмы з Васілём Быкавым.
Як адзначалі ўдзельнікі чытанняў, пасля cмерці пісьменніка ў Горадні не з’явілася ні мемарыяльнай шыльды, ні вуліцы, ні помніка. Толькі паўстаў грамадскі музей Быкава. Але ён месціцца ў маленькім пакойчыку ветэранскай арганізацыі, і ў ягоным статусе нічога не змяняецца. Два гады запар прафесар Святлана Куль-Сяльверстава разам са сваімі студэнтамі займаецца матэрыяламі, сабранымі ў грамадскім музеі Быкава.
Куль-Сяльверстава: “Вырашылі зрабіць працу па ўпарадкаванні ці апісанні архіва Быкава, дакументаў, якія ёсць пры музеі. Таму што сёння невядома, які будзе лёс музею. Я вельмі спадзяюся і сэрцам гэтага хачу, каб ён перарос у сапраўдны вялікі музей Быкава, той, што трэба мець у Горадні. А як складзецца яго лёс — невядома. А я па сваім досведзе ведаю, як лёгка нішчацца, гінуць дакументы. Дастаткова выпадку: трубу прарвала ці пажар здарыўся”.
Святлана Куль-Сяльверстава кажа, што ў музеі ёсць дакументы, якія ўразілі нават яе асабіста:
“Вузкі пенальчык: паўтара метры на чатыры-пяць. Там працаваць унутры немагчыма, мы выносілі на вуліцу дакументы. Студэнты самі былі захопленыя. Гэта была моцная выхаваўчая акцыя, калі яны самі сталі працаваць з чарнавікамі.
У музеі захоўваецца замежны пашпарт Васіля Быкава. Вось ён, мы яго сфатаграфавалі. У чым тут інтрыга? Цікава, што тут усе візы і выезды за мяжу. Той, хто будзе пісаць біяграфію пісьменніка, ён можа прасачыць — дзе і калі ён быў. Калі будзе пытанне, калі ён прыяжджаў у Прагу на сустрэчу з калегамі, на літаратурныя сустрэчы, — тут будуць усе дакладныя даты”.
Дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Гарадзенскага ўніверсітэта Віталь Карнялюк мяркуе, што жыццё і творчасць Васіля Быкава могуць і павінны стаць адной з самых цікавых турыстычных старонак Горадні, куды пісьменнік прыехаў пасля вайны досыць выпадкова, але затрымаўся надоўга:
“І сам Быкаў піша: я прыехаў у горад, дзе ніхто мяне не ведаў. Быкаў тут стаіць у адным шэрагу з Дзюма і Шэкспірам. Людзі проста павінны ў пэўны час прыехаць у Горадню, таму што тут было створана чатырнаццаць твораў не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Гэты год дзевяностых угодкаў для турызму нашага прайшоў міма, калі казаць пра постаць Быкава. Гэтая дата была незаўважаная”.
“Таму, калі казаць пра магчымасці турыстычныя, то толькі праз прызму Васіля Быкава Горадня мае велізарны патэнцыял, роўны з нашымі замкамі, які можа прывабліваць турыстаў”.
Удзельнікі чытанняў гаварылі пра тое, што ўлады павінны падтрымаць грамадскі музей Васіля Быкава, падняць яго статус, дапамагчы яму рэальна, не на словах, каб музей жыў і мог прымаць турыстаў.