Жахлівыя дарогі, манастыры ў скалах і атракцыі Кішынёва: што “ТС” пабачыў у Малдове

|

Дабрацца да Кішынёва было не так проста, як падавалася спачатку. Нягледзячы на тое, што цягнік Мінск-Кішынёў прамы, ён ехаў да сталіцы Малдовы ажно 25 гадзін. Чыгуначны вакзал у Кішынёве раніцай сустрэў нас добрым надвор’ем і, нягледзячы на стомленасць пасля доўгага шляху, мы не змаглі заплюшчыць вочы.

Першае, што нас проста шакавала – дарогі. Яны заўсёды ў рамонце і заўсёды ніякія. Другое, што таксама ўразіла – краявід. Высокія зялёныя пагоркі з бясконцымі вінаграднікамі, прыгожыя дамкі, якія сваімі дахамі выдзяляліся на фоне зеляніны, бясконцыя палі і мноства колераў – усё гэта было новым для беларускага позірку. Галовы нашыя толькі і паспявалі круціцца ва ўсе бакі, каб паспець акінуць вокам усю гэтую прыгажосць.

 

Наступныя дзевяць дзён мы правялі ля горада Вадул-луй-Водэ, які з’яўляецца папулярным курортам Малдовы з-за свайго размяшчэння і прыгажосці. Знаходзячыся ў 23 кіламетрах ад Кішынёва, у жывапіснай даліне Днястра, горад з’яўляецца любімым месцам для адпачынку кішынёўцаў і жыхароў суседніх населеных пунктаў. Нашым прыстанішчам быў піянерскі летнік “Luceafarul” (у перакладзе з румынскай “Вечаровая зорка”), які знаходзіцца за шэсць кіламетраў ад Вадул-луй-Водэ.

Мы не здарма абралі менавіта “Luceafarul”. Ціхае месца ў лесе, чыстае паветра, чатыры кіламетры да Днестру і сланечнікавае поле насупраць – найлепш падыходзяць для сапраўднага летняга адпачынку пасля працы. Тут ёсць валейбол, баскетбол, міні-футбол, адкрыты басейн, спартовая пляцоўка, пляцоўка для гульняў і канцэртаў: адным словам – усё, каб цікава правесці час. (4)

 

Кожны дзень, адразу пасля сняданку, пачыналіся воркшопы па тэме абмену. Удзельнікі з чатырох краін дзяліліся інфармацыяй пра стан правоў чалавека ў сваіх краінах, абмяркоўвалі сітуацыі і спрабавалі знайсці выхад з іх. Падчас абмену мы размаўлялі пра гісторыю правоў чалавека ад мінулага да сучаснасці, рэпрадуктыўныя правы моладзі і сэксуальную адукацыю, гендарныя адносіны і гендарныя праблемы, размаўлялі пра правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Асобна выносілася тэма розных меншасцей, умоў для іх існавання ў розных краінах і адносін да іх соцыума. Удзельнікі паспрабавалі сябе ў дэбатах па метаду Карла Попэра.

 

Пасля разнастайных воркшопаў і дэбатаў быў вольны час, які мы, як сапраўдныя турысты, хацелі правесьці як мага больш насычана і цікава. Але не хопіць часу, каб распавесці пра ўсе цікавасці нашага адпачынку, пра людзей, з якімі нам давялося спаткацца, і шмат чаго іншага… Таму дзялюся тым, чым можна заняцца ў Малдове падчас летняга адпачынку.

 

Цягам некалькіх дзён у Малдове досыць складана добра зразумець краіну, традыцыі, людзей. Але, вядома, некаторыя асаблівасці адразу можна заўважыць. Малдова – ветлівая краіна. Менталітэт малдаван падобны да нашага, яны гасцінныя і вясёлыя людзі.

 

Для турыстаў, што завіталі ў Малдову, вялікі інтарэс выклікаюць манастыры. Мы не былі выключэннем і вырашылі пабачыць адзін з іх. Малдаўскія манастыры з’яўляюцца не толькі рэлігійнай, але і вялікай культурна-гістарычнай адметнасцю.

Мы завіталі ў Стары Архей – гісторыка-археалагічны комплекс, размешчаны на рацэ Рэут. Чаму мы абралі менавіта гэтае месца? Таму што Стары Архей знакаміты сваімі скальнымі манастырамі. Дадзеная тэрыторыя была ідэальнай для манаства ў раннім хрысціянскім грамадстве. Яно было ізалявана ад навакольнага свету. У тыя часы, калі хрысціяне прыйшлі на гэту зямлю, магчыма, што ў скалах ужо былі пячоры, высечаныя дагістарычнымі плямёнамі, што жылі на гэтай тэрыторыі. У сярэднія вякі пашырэнне манаскага жыцця прымусіла манахаў паглыбіцца ў скалы. Яны пашыралі пячоры і высякалі новыя. Некаторыя пячоры добра захаваліся да нашага часу.

Акрамя манастыроў варта паглядзець сам Кішынёў. Цікавы горад, насельніцтвам каля 800 тысяч жыхароў, з мноствам вуліц і кавярняў, паркаў і дрэў. Асаблівая адметнасць цэнтральнага парка імя Стэфана чель Марэ (Вялікага), якая ўразіла ўсіх удзельнікаў, гэта наяўнасць разетак каля лавак і дармовы вай-фай. Можна проста прыйсці ў парк са сваім лаптопам ці планшэтам, проста сесці на лаўку і падключыцца. Дыхаць свежым паветрам і не баяцца, што батарэя скончыцца і прыйдзецца спыніць працу. Цудоўна!

Адразу каля парку можна пабачыць высачэнны пастамент самаго гаспадара Стэфана, які велічна паглядае на кішынёўцаў ды гасцей горада з вышыні. У парку знаходзіцца алея класікаў малдаўскай і румынскай літаратуры, што таксама цікава і спрыяе паглыбленню і пранікненню ў нацыянальную культуру краіны. У цэнтральным парку чатыры фантаны, і кожны – сапраўдны шэдэўр. Для дзетак прадугледжаны забаўляльныя атракцыёны  ў выглядзе машынак і іншыя гульнёвыя пляцоўкі.

Найбольшай спакусай для нас быў цэнтр пракату ровараў у парку. Так і хацелася сесці на іх і пакатацца, успомніць дзяцінства, пагуляць у даганялкі. Некаторыя з нас адважыліся гэта зрабіць, але самыя найлепшыя ўражанні былі крыху сапсаваны станам саміх ровараў. Новыя на погляд, яны былі вельмі скрыпучыя. Калі не звятраць увагі на гэта, то можна смела цешыцца велапрагулкай.

Яшчэ пад час прагулак па горадзе мы завіталі ў парк Дэндрарый, які быў заснаваны на базе Батанічнага саду. Батанічны сад у мініяцюры адпавядае тыповаму ландшафту Малдовы. Варта паглядзець на гэтую прыгажосць. У парку мы вырашылі зрабіць для сябе міні-пікнік, падсілкавацца ды пагуляць па 7 гектарах зеляніны.

 

Гуляючы па горадзе, разам з румынскай мовай можна заўсёды пачуць рускую, шмат рускай мовы. Цікава так блукаць, чытаць надпісы на румынскай, а чуць шмат рускай. З аднаго боку гэта добра, бо не маеш ніякіх праблем з камунікацыяй. З другога – такая моўная сітуацыя яшчэ раз нагадала нам Савецкі Саюз, дзе галоўнай яднаючай мовай была руская.

Малдова – цікавая краіна, дзе ёсць чым заняцца і ёсць што паглядзець. Сюды варта завітаць, каб на свае вочы пабачыць прыгажосць прыроды і гарманічнае сумяшчэнне гістарычная і сучаснага.