Занадта позна для песімізму

|

У 84 краінах свету ў Міжнародны Дзень Аховы Навакольнага Асяроддзя, які мы азначалі 5 чэрвеня, адбылася прэм’ера фільма «Дом». Стужка адначасова з’явілася ў кінатэатрах (у большасці – бясплатна), інтэрнэце і на DVD. «Дом» – помнік нашай роднай планеце, вынік доўгай працы фатографа Яна Артус-Бертрана. На яе стварэнне спатрэбілася 217 дзён здымкаў, у выніку чаго паўстала 488 гадзін матэрыялу. Як жа цяжка было з гэтага стварыць паўтарагадзінны фільм! Ці варта было?

Безумоўна, так. Прыгажосць Зямлі зачароўвае і а ні на момант не перастае нас здзіўляць. У некаторых момантах нават складана зразумець, што ж ты бачыш і дзе верх, а дзе ніз. Здаецца, трымаеш у руках дарагі камплект вялікафарматных паштовак са здымкамі з National Geografic.

Да таго, даволі цікавая інфармацыя пра паўстанне жыцця на планеце, кароткая гісторыя чалавецтва, іншыя займальныя факты. Толькі паступова дыктар пачынае перашкаджаць. Ён занадта нахабны, ніяк не скончыць павучаць нас. Слоган стужкі ў Расіі: «спатканне з планетай», дык чаго ж гэты голас перашкаджае пабыць нам толькі ўдваіх? Я і планета, планета і я. Нават тут падманулі.

Далей – цікавей. Голас пачынае дакараць нас, вылічае ўсе грахі чалавецтва супраць прыроды, пачынаючы з часоў першай вялікай рэвалюцыі – аграрнай. Толькі 20 % чалавецтва выкарыстоўвае 80% рэсурсаў планеты – пужае нас голас. Мільёны людзей не маюць доступу да чыстай вады і элементарных дасягненняў цывілізацыі. Праз 10 год будзе ўжо позна. Моманты, якія аўтар хоча паказаць асабліва адмоўна, суправаджаюцца трывожнай музыкай. Чаргаванне кадраў па прынцыпе кантрасту – некранутая прырода суседнічае з індустрыяльным сметнікам. Чаму ж гэта ўсё так моцна пачынае нагадваць Zeitgeist, гэты падручнік па прымітыўнай прапагандзе? Вон з маёй галавы! Я не хачу сказаць, што аўтар фільму не мае рацыю, што эколагі – банда зялёных ворагаў развіцця.

Я не ведаю. Але адчуваю сябе не надта добра, калі мяне на працягу павучаюць, перашкаджаючы цешыцца прыгажосцю Зямлі. Тое, што мы марнатраўныя сыны планеты – сёння не трэба нікому даказваць. Трэба дзейнічаць. Але тут Бертран маўчыць.

Фільм спансіруюць вялікія капіталістычныя карпарацыі. Тыя – хто сёння адказны за беднасць у шматлікіх рэгіёнах свету і варварскае выкарыстанне рэсурсаў. Якая крывадушнасць! Што робяць уладары гэтага свету? Аддаюць крыхтачкі з таго, што нарабавалі і называюць гэта філантропіяй. Еўропа ачышчае сваё сумленне, перакідваючы найбольш небяспечныя фабрыкі ў Кітай, потым кажа, што зменшыла выкіды шкодных рэчываў, ды яшчэ і папракае астатніх, што тыя забруджваюць атмасферу. А праект польскай вуглёвай электрастанцыі ў Зэльве: чым не лёгкі спосаб абмежаваць уласныя выкіды газаў?

Фільм зусім не ўнікальны, як гэта кажуць яго стваральнікі. Узгадайма хаця б такія вядомыя прыклады мантажных прыродазнаўчых фільмаў як трылогія Koyaanisqatsi- Powaqqatsi- Naqoyqatsi ці Baraka.

Не гледзячы на час, яны і сёння глядзяцца не горш за «Дом». Нават у нечым пераўзыходзяць яго. Не гледзячы на слабасць нашых целаў (у мяне ёсць прэтэнзіі да Створцы), мы захапілі ўвесь свет, не пакінулі нават маленькай белай пляміны на мапе. «Чалавецтва – гэта вірус, а мы ачысцім ад яго планету» – памятаеце словы Сміта з першай Матрыцы? НОМЕ пераканае вас у гэтым хутка і паспяхова. Але надзея ёсць заўсёды. «Занадта позна для песімізму! » – кажа аўтар. Каб толькі ён падказаў нейкае выйсце, цаны б яму не было. А так што: ад нас нічога не залежыць, а карпарацыі нават ахову асяроддзя змаглі ператварыць у самарэкламу.

Дык а што маем у выніку? Экатэрарызм – скажуць адныя. Прароцтва тэхнагеннага апакаліпсісу – скажуць іншыя. Прыгажосць – скажу я.

Фільм: Дом / Home, Францыя, 2009 г., 95 хв / 120 хв (падоўжаная версія)

Рэжысёр: Ян Артус-Бертран

Жанр: дакументальны

Прыватная адзнака: 8/10

Фільм можна паглядзець тут: http://www.youtube.com/homeproject