Магічнае люстра тэатру

|

Ёю трупа і развіталася з гледачамі 9 ліпеня. Але мы развітваліся не толькі з трупай, да наступнага сезона. Развітваліся яшчэ і з чалавекам, назаўсёды.

Дзень раней памерла Алена Гайдуліс – акторка Драматычнага Тэатру, знакамітая па ролях Францішкі Уршулі Радзівіл у спектаклі «Навука кахання» і Боны Сфорца ў «Чорнай панне». Збегам абставін, сезон у лялечным закрывала якраз п’еса пра каханне Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста. Ну як пры такім супадзенні не прысвяціць памерлай гэтакую выдатную пастаноўку?

А ганарыцца лялечнікам сапраўды ёсць чым: «Магічнае люстра…» – гісторыя пра вечнае каханне і чорную зайздрасць – безумоўна будзе адным з іх найвышэйшых іх дасягненняў. Іншая справа, што кепскіх спектакляў там проста не бывае. Вока цешылі, як заўсёды старанна зробленыя дэкарацыі, касцюмы, абстаноўка – спектакль проста прыгожы. Да таго мілая для вуха беларуская мова, хаця для мяне гэта далёка не паказнік якасці.

Вартая ўвагі добрая гульня актораў – як заўсёды яны ці не больш важныя за лялькі. Добрае ўражанне пакідаюць рэжысёрскія знаходкі: сукенкі, якія злятаюць уніз з-пад столі і пачынаюць танчыць, схематычнае прадстаўленнем асобных момантаў, такіх як смерць Барбары, аповесць у аповесці і г.д. Наогул, бачна, што рэжысёр меў сваю арганічную задумку і паспяхова яе рэалізаваў.

Добра пра тэатр сведчыць і тое, што пастаноўка карэспандуе з сучаснай беларускай культурай: чуючы «Жігімонт праз завостранае кг» і нешта пра аральны сэкс, усміхаешся задаволены – гэта ж Марыйка Мартысевіч! Урыўкі з яе «Інтэрнэт-дзённіка Барбары Радзівіл» – як магічнае люстра, што злучае мінулае і сённяшняе. А мо гэта і не люстра – д’ябальская машына, а найвышэйшае пачуццё – каханне – злучае эпохі і сусветы.

Магічныя гісторыі, што хаваюцца ў змроках вякоў, любімы матэрыял рэжысёра тэатра Алега Жугжды. Ці не таму лялечны ўжо, лічы, спецыялізуецца ў Шэкспіры? І ці люстра не добры інструмент, каб гэтыя гісторыі паказваць? Калі вы яшчэ не ўглядаліся ў магічнае люстра пана Твардоўскага, не прапусціце магчымасць зрабіць гэта ў наступным сезоне.

Фота на застаўцы Яраслава Васілеўскага