Гарадзенскую лёгкаатлетку дыскваліфікавалі на два гады
Як паведаміў “Прессбол”, рашэнне аб дыскваліфікацыі прынята Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і ўступіла ў дзеянне з 22 жніўня бягучага года.
Прычынай дыскваліфікацыі сталі вынікі аналізу гэтак званага біялагічнага пашпарту спарцменкі, па выніках якога эксперты зрабілі выснову, што Наталля Карэйва выкарыстоўвала забароненыя допінгавыя сродкі.
Наталля Карэйва нарадзілася ў Лідзе. Была чэмпіёнкай свету сярод юніёрак (2004 г.), заняла 4-е месца на мінулагоднім чэмпіянаце Еўропы ў закрытых памяшканнях у бегу на 1500 м. На гэтай жа дыстанцыі была 7-й на Алімпіядзе-2012 у Лондане. Валодае рэкордам Беларусі на гэтай дыстанцыі.
Зараз Наталлі 29 гадоў. Зусім нядаўна яна нарадзіла сына.
Гэта ўжо не першы гучны выпадак, звязаны з дыскваліфікацыяй гарадзенскіх лёгкаатлетаў за допінг. Некалькі год таму двухгадовую дыскваліфікацыю атрымаў трохразовы чэмпіён свету ў кіданні молата Іван Ціхан.