“Нёман” пакінулі адразу чатыры футбалісты

|

Калі Салавей і Рахманаў толькі зрэдку сёлета з’яўляліся на полі, то Рэкіш і Весялінаў былі аднымі з лідэраў клуба.

 

Рашэнне развітацца з імі звязанае з няўдалым выступам каманды ў сёлетнім чэмпіянаце і крытычнай фінансавай сітуацыяй у клубе.

 

Сербскі паўабаронца Ўладзімір Весялінаў (на здымку ніжэй) прыехаў у Гродна ў пачатку 2012 г. За час выступаў за “Нёман” згуляў у складзе каманды 70 афіцыйных гульняў, у якіх забіў 5 галоў.

 

Дзмітрый Рэкіш (на здымку ніжэй) у маладыя гады падаваў вялікія надзеі, быў лідэрам юнацкіх зборных Беларусі.

Аднак у “дарослым” футболе так цалкам і не даказаў свой талент: часта змяняў клубы, гуляў нестабільна.

 

Вось і ў складзе “Нёмана”, куды ён прыходзіў двойчы (агулам згуляў 39 гульняў і забіў 5 галоў) мог выдаць выдатную гульню, але часцей нічым на полі не вылучаўся.

 

Арцём Салавей (на здымку вышэй) таксама быў на прыкмеце ў трэнераў нацыянальнай зборнай Беларусі пасля ўдалых выступаў за маладзёжную зборную, вынікова гуляў за жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ”.

 

У “Нёмане”, аднак, таксама сябе не праявіў: 19 гульняў і аніводнага гола за год.

 

Абаронца Арцём Рахманаў (на здымку вышэй) згуляў яшчэ менш – усяго 9 сустрэч.

 

Месца гэтай чацьвёркі займуць гульцы “дубля” гарадзенскай каманды, дзе за апошнія гады падгадавалася чарговая партыя здольных маладых гульцоў.

 

Менавіта на мясцовых выхаванцаў будзе вымушана зрабіць у наступным сезоне стаўку кіраўніцтва “Нёмана” (цяперашняе альбо новае), бо разлічваць на істотнае паляпшэнне сітуацыі з фінансаваннем каманды і прыцягненне за кошт гэтага моцных гульцоў з іншых гарадоў і краін пакуль не выпадае.

 

Фотаfcneman.by