Восень на Аўгустоўскім канале

| Без катэгорыі

Цёплая кастрычніцкая нядзелька.

 

На канале, які месціцца побач з горадам і ўжо даўно мусіў стаць любімым месцам адпачынку гарадзенцаў і гасцей нашага горада, зусім не шматлюдна. 

 

Так, на стаянцы стаіць некалькі аўтамабіляў.

 

Так, працавіты “Нёман” вязе на прагулку чарговую групу дзяцей.

Так, у адной з драўляных альтанак, якія здаюцца за грошы, сядзіць невялікая сямейная кампанія.

 

Там-сям уздоўж берага стаяць рыбакі.

 

Але адчуванне нейкай восеньскае панурасці не адпускае.

 

Чаму? Можа таму, што тут цябе ніхто асабліва не чакае? 

 

Сярод белага дня стаіць зачыненай “альтэрнатыва МакДональдсу”, не працуе будка з сувенірамі.

 

Здаецца, што выпадковым турыстам ды рамантыкам, якія завіталі сюды ў прыгожы восеньскі дзянёк, радыя толькі прыбіральні, якія ветліва расчынілі свае дзьверы.

 

Паступова гніюць і правальваюцца дошкі на масточках.

 

Ніхто не клапоціцца, каб засцерагчы людзей ад таго, каб не праваліцца ў вялікую дзірку на даху дота…

 

Прыгожая кастрычніцкая восень усімі сіламі імнецца прыхаваць чалавечую нядбайнасць,  ды безгаспадарлівасць.

 

Здаецца, колькі ўжо было абяцанняў, што акрамя турыстычных сцяжынак тут з’явяцца і кавярні, і гатэлі, і іншая турыстычная інфраструктура, дзякуючы якой паедуць сюды людзі, павязуць сюды грошы, дзякуючы якім акупяцца вялізныя сродкі, укладзеныя ў рэканструкцыю каналу…

 

Пакуль гэтага няма і не прадбачыцца ў блізкай перспектыве.

Затое ёсць сам цудоўны Аўгустоўскі канал, які павольна нясе свае воды ў Нёман сярод лясоў і палёў.

І гэты цуд, які дастаўся над ад нашых продкаў, немагчыма не любіць!