Расея “стварыла новы магутны цэнтр” альбо разборкі ў танным рэстаране

|

Ну, паглядзеў я на мапу гэтага ЕАЭС. Убачыў усё тую ж Расею, якая ўваходзіць яшчэ ў такі ж саюз з Кітаем і іншымі краінамі БРІКС, а таксама ў эканамічны саюз краінаў Ціхага акіяна АТЭС.

 

Расія і ёсць сама па сабе моцны эканамічны цэнтр. Калі яна фармуе супрацоўніцтва з Кітаем, Індыяй, ЗША, Японіяй, Бразіліяй, Карэяй – гэта выглядае сапраўды ўнушальна. А калі яна непасрэдна далучыла ў кола своёй эканомікі тры былых рэспублікі СССР, то на моц новага “цэнтру” гэта паўплывала, скажам наўпрост, не надта моцна.

 

Такім чынам, стварэнне Еўра-Азійскага Эканамічнага Саюза мае найперш палітычныя мэты. Расея, яе кіраўніцтва і асабіста прэзідэнт Пуцін у мэтах умацавання палітычнага рэжыму ўнутры своёй краіны імітуе ўзнаўленне былой імперыі.

 

На апошніх выбарах прэзідэнта яны паабяцалі свайму электарату New-USSR. Таму што створаная ў 1991 годзе СНД проста на вачах развальваецца. А яна ж, гэтая садружнасць, планавалася першапачаткова як новая, рэфармаваная форма СССР.

 

На дзень сённяшні недарэчная тая садружнасць (СНД) скарацілася, усохла да фактычна чатырох краінаў, якія так-сяк, няглядзячы на супярэчнасці сваіх эканомік, здольны працаваць сумесна.

 

Астатнія прысутнічаюць дзеля фармальнай колькасці. Украіна ваюе за свой суверенітэт і СНД разглядае выключна як інструмент расейскага ўціску. Хутка яе там зусім не будзе.

 

Прэзідэнт Узбекістана, мусіць па даручэнню “групы таварышаў”, пачаў абурана пытаць высокіх гасцей мінскага саміту, чаму ніхто з іх не бачыў жывога П.Парашэнку.

 

Прэзідэнт нашай краіны толькі пасміхаўся ў вусы: хто хацеў, дык той пабачыў. И праўда, калі узбек не схацеў ехаць на інаўгурацыю да Парашэнкі ў Кіеў, то няўжо ён думае, што прэзідэнту Украіны няма чаго рабіць, як толькі марнаваць час у Ташкенце?

 

Не прыехаў узбек – ну, і… не прыехаў.

 

Малдове СНД таксама мала патрэбная, яна збіраецца ў Еўропу. Яе прэзідэнт на адкрыцці саміта нейкімі сваімі рэплікамі, нам пакуль невядомымі, давёў да ўскіпання нэрваў гаспадзіна Пуціна, які сядзеў ад яго па левую руку, хоць і даволі далёка.

 

Гаспадзін пачаў выціскацца з крэсла і рубіць далонню паветра, нахіліўшы галаву да самага стала і закаціўшы вочы. Мне гэтая сцэнка нагадала разборку ў танным рэстаране.

 

Карацей, не Брытанская садружнасць нацый, не. Проста новы-стары “магутны” цэнтр.

 

Здаецца, рэальна аб’яднаць іх паноптікум магла б толькі якая-небудзь агульная сумесная сяброўская дзейнасць, песня, напрыклад.

 

Акапэла. Ла-ла-ла-ла-ла-ла-ла-ла.

 

Сяргей Снопlinija-curzona.livejournal.com

 

Фотаatnews.org