Пачаўся шосты адукацыйны сезон “Універсітэту Залатога Веку”
Сёлета студэнтамі УЗВ стануць каля 200 чалавек. Гэта ў пяць разоў больш, чым было ў красавіку 2010 г., калі праграма толькі распачыналася ў Гродне.
Урачыстасць распачалася з прывітальных словаў кіраўніцы праграмы УЗВ Лана Руднік. Яна нагадала, што мэтай дзейнасці “Універсітэта Залатога Веку” з’яўляецца павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.
Па словах Ланы, сёння ўжо даказана прамая сувязь паміж узроўнем адукаванасці і працягласцю і якасцю жыцця чалавека.
Кіраўніца праграмы УЗВ прадставіла таксама “профіль” слухачоў УЗВ шостага набору.
Затым на сцэне па чарзе з’яўляюцца супрацоўнікі і выкладчыкі праграмы, сябры Рады УЗВ.
З прывітальнымі словамі звяртаюцца да ўдзельнікаў імпрэзы кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Цэнтр “Трэці сектар” (Вітаўт Руднік) і “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” (Вольга Шульга).
Гучыць “Гаўдэамус” – і шосты акадэмічны год УЗВ абвяшчаецца адкрытым.
Сканчаецца ўрачыстая імпрэза невялікім канцэртам гарадзенскага гурта “Раса мечтателей”.
Ужо з 20 кастрычніка пачнуць працаваць 22 секцыі “Універсітэту Залатога Веку”.
Як і ў папярэднія гады, акадэмічны год “Універсітэту Залатога Веку” будзе працягвацца да канца красавіка наступнага года.