Першыя кіламетры веламаршрута па “Лініі Керзона” пачынаюцца ў Пышках

|

З гэтай нагоды мясцовыя СМІ напісалі вялікія артыкулы і змясцілі шмат фотаздымкаў. Маглі б намаляваць і схему мартшрута, але ладна – схему трэба складаць шляхам практычнай картаграфіі з выездам на мясцовасць.

 

Гэта вельмі прыемная навіна. Але ёсць у мяне на гэты конт, як у чалавека, знаёмага з роварам, свае думкі. Развагі аналітычнага зместу.

 

Першы пасыл: панабудавалі за дваццаць гадоў лядовых палацаў для гульні ў хакей. Нават ў лес Пышкі залезлі з гэтымі палацамі.

 

Намеснік галоўнага хакеіста генерал Шапіра пасадзейнічаў. Грошай увалілі нямерана. Цяпер палацы гэтыя павіслі гірамі на мясцовых бюджэтах.

 

Пасыл нумар два: вось калі б замест паловы, хаця б, палацаў будавалі веладарожкі, то можна было б за дваццаць гадоў абярнуць імі нашу краіну як раз дваццаць разоў. Мясцовы гродзенскі турыстычна-спартыўны начальнік (на грамадскіх нібыта хлябах) кажа, што веладарожка – цацка не танная.

 

Не цацка гэта, спадар начальнік (на грамадскіх нібыта хлябах). Цацка – гэта толькі калі параўноўваць з палацамі. А калі не параўноўваць – то цьфу. Ды і грошы ў большасці не вашыя, у сэнсе не нашыя. Прытым, што веласіпедыстаў ў краіне значна болей, чым хакеістаў. Ну, хіба хто бачыў хоць аднаго такога на каньках, каб ехаў па горадзе ці па-за горадам на работу, ці на дачу, альбо на пляж пакупацца?

 

Пасыл нумар тры: будаўніцтва веладарожак фінансуе ў значнай ступені Еўрасаюз. Канчатковы маршрут пройдзе ўздоўж Нёмана да літоўскіх Друскенікаў. Праект яшчэ распрацоўваецца.

 

Пасыл чацвёрты. Тыя, што на роварах, траўмуюць па неасцярожнасці тых, хто рухаецца чыста нагамі. А на тых, што на роварах, па неасцярожнасці ці з эвентуальным умыслам (папрыціснуць машынаю гада), наяжджаюць тыя, што рухаюцца на аўтамабілях.

 

Досыць пасылаў, цяпер высновы. Трэба ўступаць у Еўрасаюз, каб дарожка не пуставала. Гэта раз.

 

Трэба рабіць у гарадах сапраўдныя веладарожкі, а не маляваць на тратуарах і ў справаздачах кіламетры фіктыўнай туфты.

 

Работы тут – конь не валяўся. У справаздачах – там ўсё файна. А на зямлі…

 

Як яно на зямлі, мы размову толькі пачынаем. Гэта два.

 

Называцца веладарожка павінна “Лінія Керзона”. Гэта тры.

 

Я правільна кажу, спадар турыстычна-спартыўны начальнік (нібыта на грамадскіх хлябах)?

 

Сяргей Сноп, linija_curzona.livejournal.com

 

Фота: Віталь Дзярнейка, tut.by