Люстрацыя па-беларуску альбо спецаперацыя ачышчэння без сметніка
Дэпутаты парламента спачатку не хацелі закон гэты прымаць. Потым узбудзіўся пракурор краіны, убачыў ў законе супярэчнасці з Канстытуцыяй.
Нарэшце 9 кастрычніка закон “Аб ачышчэнні ўлады” падпісаў Прэзідэнт краіны.
Усе гэтыя павольныя фармальныя працэдуры адбываліся на фоне маштабнага неўтаймаванага народнага руху за ачышчэнне, сродкам якога народная творчасць выбрала сметнік.
У сметнікі, паверх тлустых паперак, бананавых агрызкаў і пластыкавых келіхаў паляцелі дэпутаты с партфелямі.
Аднаму былому міністру падбілі вока. Увесь свет абляцеў сюжет пра тое, як телевізійнага кіеўскага начальніка, які трансляваў баляванне на маскоўскай плошчы з нагоды пакарэння Крыма, бязлітасна цягалі за каўнер. Дарэчы, той начальнік, як потым высветлілася, не пакрыўдзіўся аніколькі.
Надта бурную рэакцыю на украінскую люстрацыю выказалі расейскія СМІ.
“Какой ужас, бедная многострадальная Украина,- тыповая сентенцыя расейскай прапаганды.- Целый миллион украинцев пострадает, какая дикость”.
Зрэшты, да расейскіх медыйных істэрык мы ўжо прызвычаіліся. Гэта хранічная хвароба, перыяды рэмісій рабіліся ўсё карацейшымі і па стану на сёння болей не фіксуюцца.
А вось нашы, беларускія СМІ гэтыя падзеі ўвагай абышлі. Сціпла так усё паведамілі. Бо ў нас люстрацыя ёсць перманентны працес.
Дваццаць гадоў наш Прэзідэнт ачышчае дзяржаўны механізм, прыбірае ды прызначае чыноўнікаў, саджае ды выганяе і выціскае за межы краіны міністраў і капіталістаў, генералаў і артыстаў, ментоў і журналістаў, лётчыкаў і цыркачоў, банкіраў і гэбістаў.
Сышло на пакой, многія – на вечны, пакаленне зацятых камуністаў і “моцных гаспадарнікаў”.
Пры гэтым нідзе і ніколі А.Лукашэнка не прадстаўляў гэтую мэтанакіраваную працу як ачышчэнне ад спадчыны савецкага дзяржаўнага ладу. Наадварот, рабіў выгляд, што справа не ў дзяржаўным ладзе, а ў асобных кепскіх выканаўцах.
Калі сабраць усіх адстаўленых ад кармушкі за гэты час да кучы, то і атрымаецца адпаведны мільён.
…У самым пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Гродне ўзнік грамадскі рух “Очищение”. Узначальваў яго, вы будзеце смяяцца, – палкоўнік савецкай арміі, палітработнік па прозвішчы Посахаў.
Гэтая квазіграмадская струтура памыйнага кшталту паводле замыслаў тадышніх партакратаў і гэбэшнікаў прызваная была адцягнуць увагу народа ад сапраўднай люстрацыі.
Рослы прыхожы палкоўнік не баяўся выступаць перад натоўпам мітынгуючых незадаволеных грамадзян на гродзенскім стадыёне.
Моладзь пра такое сёння і памысліць не наважваецца, а было вось так некалі, было.
Палкоўнік спачатку змагаўся с разбуральнікамі “вялікай краіны” (самі ведаеце, якой), але неўзабаве далучыўся да кандыдата ў прэзідэнты А.Лукашэнкі, добра так “ачысціўся”, настолькі, што быў пераведзены ў Мінск пасля перамогі гэтага кандыдата, працягнуў ачышчэнне ў сталіцы і хуценька пабудаваў там шыкоўную кватэру ў цэнтры. Пасля чаго сышоў у нябыт, пакінуўшы за сабой лёгкі пах серы.
Ці будзе мець працяг беларуская люстрацыя? Без сумневу. Як яна будзе праходзіць? Да неяк так, як і папярэдняя.
Якая б палітычная плыня не ўвайшла ў сілу. Чакаем толькі рэінкарнацыі Посахава. Не ніжэй палкоўніка, пажадана.
Сяргей Сноп,
Іншыя матэрыялы аўтара чытайце на блогу: linija_curzona.livejournal.com
Фота: unian.net