Беларускія прыгоды і падарожжы польскіх валанцёрак
Мэтай нашых першых падарожжаў па ваколіцах Гродна сталі Азёры і Свяцк.
Вёска Азёры знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Гродна, на заходніх берагах азёраў Рыбніца і Белае. Уласна з гэтага месца мы вырашылі распачаць нашае падарожжа па Беларусі.
Гэта была спантаннае рашэнне, якое з’явілася, калі мы паглядзелі на мапу.
У вёсцы можна паглядзець царкву, касцёл, могілкі, на якіх таксама знаходзіцца помнік, прысвечаны памяці паўстанцаў 1863 г.
Гэты просты з выгляду помнік у выглядзе драўляных крыжаў зрабіў на нас вялікае ўражанне.
А драўляныя, каляровыя дамкі, такія тыповыя дла беларускай вёскі, зусім нас зачаравалі.
Падчас шпацыру вуліцамі Азёраў, з’явілася ўражанне, нібыта час тут затрымаўся.
Дарога завяла нас на бераг возера з маляўнічымі краявідамі.
Сустракуаем тут спадара Івана, мясцовага выратавальніка. Пасля нядоўгай размовы, ён запрасіў нас пракаціцца на “маторцы”.
Вакол пануюць цішыня і спакой. На берагах бачныя некалькі рыбакоў.
– «У сезон тут мноства людзей – кажа Іван. Калісьці я спрабаваў лічыць машыны. Калі далічыў да 300 – перастаў. А ў кожнай машыне больш за аднаго чалавека! Летам Азёры наведвае шмат турыстаў» – пераконваў наш спадарожнік.
Назад у Гродна вяртаемся аўтаспынам. Доўга чакаць не давялося – пасля некалькіх хвілін спыняецца машына.
Кіроўца, спадар Аляксандр, вельмі ахвотна размаўляў па-польску. Аказалася, што ён вучыўся ў Варшаве.
На сярэдзіне шляху, калі мы загаварылі пра грыбы, якіх у гэтую пару года ў лесе шмат, Аляксандр захацеў паказаць нам сваё любімае грыбное месца.
Шпацыруючы па лесе, мы знайшлі цэлых тры грыбы-парасоны!
На наступны дзень мы паехалі на роварах у аддалены на 20 км ад Гродна Свяцк.
У гэтай вёсцы знаходзіцца палац Валовічаў, пабудаваны ў 18 ст.
У міжваенны перыяд палац аддалі польскай дзяржаве і ператварылі ў клініку для нарказалежных.
Пасля ІІ Сусветнай вайны тут змяшчаўся санаторый.
На жаль, у апошнія гады палац хутка пусташэе.
– „Невядома, якім будзе яго лёс у далейшым. Няма грошай на рэмонт,” – гаворыць спадар Станіслаў, вартаўнік палацу.
– „Усярэдзіну зазіраць нельга. Будынак можа заваліцца,” – дадае ён.
Вялізны палац знаходзіцца ў парку з сістэмай сажалак і сапраўды варты таго, каб яго адведаць.
Вяртаемся дадому стомленыя, але выходныя залічваем як вельмі удалыя – надвор’е было яшчэ амаль летнім, сонечным, і, галоўнае, мы здолелі убачыць цікавыя мясціны.
Але ж найбольш мы задаволеныя сустрэчай з вельмі прыемнымі, добразычлівымі людзьмі. Сустрэча з імі яшчэ раз упэўнівае, што беларусы – адкрыты і гасцінны народ.