Літоўская кампанія ARVI вядзе перамовы наконт рэканструкцыі “Беларусі”

|

Інфармацыю пра перамовы паміж кіраўніцтвам кампаніі ARVI і гарадзенскіх уладаў распаўсюдзіла днямі БЕЛТА.

 

Віцэ-прэзідэнт кампаніі Арунас Марозавас паведаміў карэспандэнту гэтага агенцтва, што “ідзе перамоўны працэс…мы зацікаўленыя ў гэтым праекце, але хочам быць перакананыя ў эфектыўнасці будучых укладанняў”.

 

Патэнцыйных інвестараў прываблівая ўдалае месцазнаходжанне гатэлю.

 

Разам з тым, на іх думку, гатэль цалкам маральна састарэў.

 

Літоўцы плануюць скараціць напалову колькасць нумароў у гатэлі (зараз іх 320) і за кошт гэтага павялічыць плошчу пакояў і зрабіць іх больш камфортнымі.

 

У гатэлі можа з’явіцца таксама СПА-цэнтр і канферэнц-зала. 

 

У якасці ўзора пры мадэрнізацыі “Беларусі” могуць быць узятыя гатэлі сеткі “Mercure”.

 

Фірма ARVI была заснаваная ў 1990 г. Зараз у яе склад уваходзяць 22 прадпрыемствы.

 

Аснову бізнесу кампаніі складае выраб угнаенняў, цукру ды продаж індычынага мяса.

Гатэльны бізнес у дзейнасці ARVI займае ўсяго 1%.

 

Агульны гадавы абарот капіталу кампаніі складае каля 1 міліярду літаў (каля 365 млн. даляраў).

 

З нядаўняга часу кампанія актыўна інвестуе ў перапрацоўку адкідаў жывёльнага паходжання ў Расіі, Украіне і Беларусі.

 

Днямі ў Лідскім раёне было адчыненае прадпрыемства Biovast, якое, як паведамляе БЕЛТА, цалкам здыме праблемы ўтылізацыі  спецыфічных адкідаў птушкафабрык, мясакамбінатаў і жывёлагадоўчых комплексаў.

 

Гатэль “Беларусь” быў пабудаваны ў 1967 г. і даўно патрабуе рэканструкцыі.

Гатэль “Беларусь” на паштоўцы 1979 г.

 

Інстытут “Гродногражданпроект” распрацаваў архітэктурны праект, паводле якога “Беларусь” павінна стаць 3-зоркавым гатэлем.

 

Літоўцы плануюць, што новы гатэль атрымае 4 зоркі.