Сезон лоўлі ракаў распачаўся!
Як паведамляе Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету, лоўля рака дазволена з 16 ліпеня да 14 кастрычніка. У іншы час здабыча забаронена. Штраф прадугледжвае па некалькі тысяч рублёў за кожнага рака.
Лавіць можна па трыцаць ракаў у дзень і толькі тых, чый памер большы за дзевяць сантыметраў. Прыладай промыслу мусіць быць адмысловая ракалоўка, не больш за тры на чалавека. Яе канструкцыя ніяк не рэгламентавана, але гэта не значыць, што можна лавіць ракаў любым спосабам. Ручная ж лоўля, не змешчаная ў правілах, з’яўляецца забароненай…
Будзьце ўважлівыя, бо блізкі родзіч вузкапалага рака – рак шырокапалы занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і знаходзіцца пад аховай. Адрозніць іх даволі лёгка, як бачна з назвы – рак шырокапалы мае карацейшыя і крыху большыя клешні.
У сваю чаргу амерыканскі паласаты рак з’яўляецца нежаданыай жывёлай у нашых азёрах і ягоная лоўля дазволеная заўсёды ў любых памерах.