Эліза Ажэшка на кушэтцы Фрэйда

Вялікая польская пісьменніца Эліза Ажэшка скардзілася на дзіўныя, беспрычынныя прыступы меланхоліі, якія пераследавалі яе да канца дзён.

 

Наколькі рэальна паставіць дыягназ праз 100 гадоў пасля смерці?

 

На нараканні, якія паўтараліся ў лістах да сяброў, звярнула ўвагу польская даследчыца літаратуры Данута Данэк (Danuta Danek).

 

Гэтыя станы былі «загадкаю жыцця і душы», як пісала сама Ажэшка.

 

У яе не было магчымасці пайсці да псіхааналітыка. Данута Данэк вырашыла ліквідаваць гэтую хібу і праз стагоддзе пасля смерці пісьменніцы «пасадзіць» яе на кушэтку Зігмунда Фрэйда.

 

Іншымі словамі, спадарыня прафесар паспрабавала зірнуць на аўтабіяграфічныя допісы і творчасць пісьменніцы вокам псіхааналітыка. І перш за ўсё на тыя, што датычылі дзяцінства.

 

Данута Данэк падзялілася сваімі адкрыццямі ва ўступе да новага выдання аўтабіяграфічных тэкстаў пісьменніцы пад назваю «Меланхолія і пазнанне. “Аўтабіяграфіі” Элізы Ажэшкі» («Melancholia i poznanie. “Autobiografie” Elizy Orzeszkowej»), якое неўзабаве пабачыць свет у Польшчы.

 

Выданне выглядае як мастацкі альбом, аформлены выявамі звязаных з пісьменніцай мясцінаў у Беларусі, якія выканаў вядомы польскі фатограф Кшыштаф Хэйкэ.

 

Уступ – скарочаная версія тэксту, змешчанага ў кнізе Дануты Данэк «Унутраная смерць. Літаратура ў святле псіхааналітычнага досведу» (2012).

 

У 42 гады Эліза Ажэшка перажыла моцны душэўны крызіс, падчас якога яе наведвалі думкі пра самагубства. Але тут прычына была зразумелая: непадзеленае пачуццё, расчараванне паводзінамі каханага чалавека (у чым яна прызнавалася ў адным са сваіх лістоў).

 

Ва ўсіх іншых выпадках яна не магла рацыянальна патлумачыць раптоўную роспач, якая ахоплівала яе, найчасцей пад уплывам сумных гукаў: фартэпіяна, катрынкі, працяглых гукання сялянаў на жывёлу ў полі, манатоннага бою гадзінніка, пахавальнага звону.

 

Усё жыццё насіла жалобу

 

Зігмунд Фрэйд параўнаў стан меланхоліі з жалобаю (эсэ «Жалоба і меланхолія» – «Trauer Und Melancholie».

 

Данута Данэк прыходзіць да высновы, што ўсё жыццё пісьменніцы было вялікаю жалобай – па тых, хто памёр або аддаліўся ад яе.

 

У артыкулах, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменніцы, абавязкова згадваецца пра прыгожую і дэспатычную маці Францішку Паўлоўскую, якая пасля смерці першага мужа нядоўга прабыла ўдавою.

 

Узяўшы другі шлюб, аддалілася ад дзяцей, вяла ў Горадні насычанае свецкае жыццё. Будучы гарачаю польскаю патрыёткай, з дочкамі – Элізай і ейнаю старэйшай сястрою Клемянцінай (якая памерла ва ўзросце 13 гадоў) – размаўляла выключна па-французску.

 

Маці Элізы Ажэшкі – Францішка Паўлоўская (дзявочае прозвішча Каменская) Фота kresy24.pl


У лістах і ўспамінах Ажэшка ніколі не наракала на маці, усяго раз назваўшы яе дэспатычнаю – у пытаннях этыкету.

 

Балесны недахоп увагі самай блізкай асобы Данута Данэк выяўляе ў метафарах і сюжэтах з тэкстаў пісьменніцы.

 

Хоць бы ў аўтабіяграфічнай згадцы пра напісаную ў дзяцінстве дыктоўку.

 

Калі замест сказу “Маці пайшла на кірмаш, каб прынесці дзецям яйка, хлеб, мяса” яна, сама не ведаючы, чаму, вывела: “Маці пайшла ў сад, каб прынесці дзецям ружы, пялёсткі ружаў”.

 

І далей – што дзеці абрывалі пялёсткі, а з іх сыпаліся пярліны: паводле, даследчыцы, сімвалы пахвалы і прызнання, якіх так не хапала ў адносінах з маці.

 

У допісах Ажэшкі пра дзяцінства таксама часта сустракаецца метафара пустога гнязда.

 

Бацька Элізы Ажэшкі Бенедыкт Паўлоўскі пераехаў у Беларусь з Валыні Фота kresy24.pl


Яшчэ дзяўчынкаю Эліза напісала апавяданне “Пахавальны звон” (“Dzwon pogrzebowy”).

 

Яна сама здзіўлялася, што прыдумала такі сюжэт, бо раней ніколі не чула гукаў, якія суправаджалі жалобны картэж.

 

Данута Данэк мяркуе, што паколькі будучай літаратарцы было ўсяго 2 гады, калі тая страціла бацьку, – цалкам магчыма, што звон тады гучаў і гэта “запісалася” ў падсвядомасці дзіцяці.

 

Хацела вызваліць сялянаў, бо пачувалася Папялушкаю

 

Пасля смерці сястры 10-гадовая Эліза трапіла на выхаванне ў дзявочы пансіён, які знаходзіўся ў Варшаўскім кляштары сясцёр-сакрамэнтак, і правяла там пяць гадоў.

 

За гэты час, узгадвала яна, маці ні разу яе не наведала. Амаль адразу пасля заканчэння вучобы, у 16 гадоў, будучую пісьменніцу выдалі замуж за Пятра Ажэшку.

 

Шлюб, як вядома, быў нешчаслівым і скончыўся для адной з самых пажаданых нявестаў Гарадзенскай губерні (так з увагі на вялікі пасаг пісала пра сябе Ажэшка) цяжкім фінансавым становішчам.

 

І хоць ва ўспамінах мы чытаем, што замуж Эліза выйшла паводле ўласнага жадання, Данута Данэк знаходзіць у аповесцях “Апошняе каханне” (“Ostatnia miłość”), “Успаміны Вацлавы” (“Pamiętnik Wacławy”), “Пан Граба” (“Pan Graba”) метафары гвалту ды злачынства, учыненага маці над уласным дзіцём.

 

Мількаўшчына. Месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзілася Эліза Ажэшка. Тут ад суседскіх дзяцей Эліза навучылася размаўляць па-беларуску. Фота pawet.livejournal.com


На пісьменніцкай кушэтцы – Гогаль, Пушкін і Талстой

 

Выкарыстанне прыкладнога псіхааналізу падчас даследавання літаратурных твораў ды жыццёвага шляху пісьменнікаў – вынаходніцтва не апошніх гадоў.

 

Гэтым займаўся яшчэ сам Зігмунд Фрэйд. Псіхааналіз, як вядома, абапіраецца перш за ўсё на выяўленні бессвядомага значэння словаў, учынкаў і прадуктаў уяўлення (сны, фантазіі, трызненні) суб’екта.

 

У аснове метаду ляжыць перадусім аналіз так званых «свабодных асацыяцыяў» гэтага суб’екта – ягоныя свабодныя, «не цэнзураваныя» выказванні ў сувязі з пэўнаю тэмай.

 

Напрыклад, каб стала зразумелаю схаваная сутнасць сну, пацыент мусіць выказаць усё, што прыходзіць яму ў галаву ў сувязі з тым, што прыснілася.

 

Вядома, што вучоны, які займаецца псіхааналізам літаратурнага твору, кажучы словамі амерыканскага прафесара Дэйніэла Ранкура-Лафер’е (Daniel Rancour-Laferriere), часта проста не ў стане сустрэцца з аўтарам і схіліць яго да «свабодных асацыяцыяў». І гэтым парушае асноўнае правіла псіхааналізу.

 

Але, працягвае гэты навуковец, правілы існуюць дзеля таго, каб іх парушаць. І адразу прыводзіць у якасці прыкладу Фрэйда, які ўласнаручна «паставіў дыягназ» Шэкспіру, Дастаеўскаму і Леанарда да Вінчы.

 

У выпадку з літаратурнымі творамі (і ўвогуле – з тэкстамі) «свабодныя асацыяцыі» замяняюцца моўнымі сродкамі аўтара і характарамі герояў.

 

Ці можна ставіцца сур’ёзна да вынікаў, атрыманых пры псіхааналітычным вывучэнні літаратуры?

 

Дэйніэл Ранкур-Лафер’е піша: цвёрдага крытэру няма, як няма яго ў іншых кірунках літаратуразнаўства (фармалізму, структуралізму і г.д.). «Ёсць толькі нармальнае літаратуразнаўства любога кірунку плюс псіхааналітычнае асэнсаванне асацыяцыяў, якія ў чытачы выклікае пэўны персанаж, аўтар, сюжэт…»

 

Сам ён «пасадзіў на кушэтку» цэлую плеяду класікаў расейскай літаратуры, сярод іх – Гогаля, Дастаеўскага, Лермантава, Набокава, Пушкіна, Талстога.

 

Дарэчы, у адзін год з Львом Талстым і Генрыкам Сянкевічам нашу гераіню намінавалі на Нобэлеўскую прэмію. Тады, у 1905-м, яна прайграла свайму суайчынніку.

 

Інга Астраўцова, Белсат