42 мільёны эўра на Літву-Латвію-Беларусь
Праграма знаходзіцца ў межах Еўрапейскага добрасуседства, паведамляе БЕЛТА. Сродкі будуць накіраваныя на праекты краін-удзельніц, конкурс на якія адбудзецца восенню гэтага году. Праект разлічаны на 2007-2013 гады.
Са слоў эксперта праграмы Георгія Баранца, перад усім падтрымку атрымаюць праекты на палягчэнне працэдур на мытні, развіццё адукацыі, абарону здароўя і асяроддзя.
Хутчэй за ўсё ў наступным годзе гарадзенцы змогуць наведваць Літву без візаў, але толькі на адлегласці 50 кіламетраў ад мяжы. Як паведаміў “Камсамольскай праўдзе” пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, плануецца, што жыхары прымежных раёнаў Літвы і Беларусі атрымаюць спецыальную карту-пропуск, што дазволіць без візы знаходзіцца на бліжэйшых 50 кіламетрах суседняй краіны. Калі ж уладальнік карты перакрочыць гэтую зону, то ягоная карта будзе ануляваная.
Беларусь ўдзельнічае яшчэ ў дзвюх падобных праграмах: “Рэгіён Балтыйскага мора” і “Польшча-Беларусь-Украіна”. Агульны бюджэт трох праектаў складае 250 мільёнаў еўра. Гродзенская вобласць прымае удзел у кожнай з праграм.