Пра чыстыя вуліцы і цень 37-га

|

…У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у засценках мінскай турмы НКВД было шмат працы.

 

Штатныя каты як на канвееры пускалі кулю ў скроні беларускім настаўнікам, дактарам, пісьменнікам.

 

Больш за 100 чалавек за адну ноч!

 

Без віны вінаватыя, прынесеныя ў ахвяру людажэрнаму бальшавіцкаму рэжыму, які прызнаў іх “ворагамі народа” і бязлітасна знішчыў.

 

Здавалася б, гісторыя ўжо ўсё рассудзіла, назваўшы ахвяраў ахвярамі, а катаў – катамі.

 

Але ж не! Ахвяры зноў ператвараюцца ў “недабіткаў”, а каты – у герояў.

 

Чаму так?

 

Гісторыю заўжды пішуць пераможцы.

 

У адрозненні ад нашых суседзяў палякаў, літоўцаў, латвійцаў, у Беларусі савецкая па сутнасці сваёй улада захавалася да гэтага часу.

 

Гэтая ўлада ніколі афіцыйна не прызнала злачынным савецкі бальшавіцкі рэжым, ніколі не ўскладала кветак да магілаў яго рэпрэсій, ніколі не прасіла прабачэння ў тых, чыя родныя без віны ляглі ў магілы.

 

Гэтая ўлада колькі магла трымала ў таямніцы месцы масавых пахаванняў ахвяраў камунізму (а як жа – няма цела – няма ўлікаў) і да гэтай пары не апублікавала спісы рэпрэсаваных у 1917-1953 гг.

 

Сталінскія рэпрэсіі для многіх носьбітаў улады засталіся “перагібамі”, а тое і “вымушанай неабходнасцю”.

 

Часы, маўляў, былі такія.

 

Сёння мы “жнем” тое, што ў тыя часы было пасеяна і так старанна даглядалася ў Беларусі апошнія амаль што 80 гадоў.

 

Узровень нянавісці і неталерантнасці да “іншых” у грамадстве зашкальвае (пачытайце хаця б дыскусіі на тэму Украіны).

 

Нікога ўжо не шакуюць чарговыя пасадкі на “суткі” грамадскіх актывістаў.

 

Настаўнікі, якія маюць сеяць “разумнае, добрае, вечнае”, падпісваюць фальшывыя пратаколы ў выбарчых камісіях.

 

Выкладчыкі ВНУ моўчкі “глытаюць” звальненні сваіх калегаў.

 

Музыкі ненавідзяць “навязаную” ім беларускую мову.

 

“Тролі” на сайтах цкуюць “недабіткаў”.

 

Але затое вуліцы ў нас самыя чыстыя!

 

А вось душа ў брудзе, змяшаным з крывёй.

 

І пакуль мы не адмыемся ад гэтага бруду, цень 37-га заўсёды будзе з намі.

 

І не спадзявайцеся, што вас яна ў гэтай краіне абміне.